Лідэры ЕЗ ўхвалілі палітыку Усходняга партнёрства. Ад уладаў Беларусі чакаюць рэформаў
- 12.12.2008, 15:41
Лідэры 27 краінаў Еўразвяза на саміце ў Брусэлі ўхвалілі Еўрапейскую стратэгію бяспекі і палітыку Усходняга партнёрства. Удзел Беларусі ў гэтай ініцыятыве будзе залежыць ад узроўня адносінаў паміж Менскам і Брусэлем.
ЕСБ уяўляе з сябе 18-старонкавы дакумент пад назвай «Забяспечваючы бяспеку ў свеце, які змяняецца», падрыхтаваны вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па агульнай знешняй палітыцы і бяспецы Хаўерам Саланам. Новымі пагрозамі названыя кліматычныя змяненні, кіберзлачыннасць і пірацтва, паведамляе РІА «Новости».
Паводле словаў кіраўніка Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу, палітыка Усходняга партнёрства, якая не прадугледжвае перспектыву сяброўства ў ЕЗ, мае на мэце «значнае падвышэнне ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння, шырокую інтэграцыю ў эканоміку ЕЗ, узмацненне энергетычнай бяспекі і павелічэнне фінансавай дапамогі».
Удзел у палітыцы Усходняга партнёрства Еўракамісія прапаноўвае шасці постсавецкім краінам — Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдове, Украіне. Ім, у прыватнасці, прапанаванае пагадненне аб асацыяцыі і стварэнні новай еўрапейскай эканамічнай зоны, якая павінна стаць базай для развіцця агульнага ўнутранага рынка.
У Еўракамісіі падкрэсліваюць, што ўдзел Беларусі ў гэтай ініцыятыве будзе залежыць ад узроўня адносінаў паміж Менскам і Брусэлем.
Рашэнне па Беларусі будзе прыймацца ўвесну ў залежнасці ад дэмакратычнага прагрэса краіны.