BE RU EN

Расейскі Саўбез лічыць, што амерыканская СРА пагражае «саюзу» Расеі і Беларусі

  • 17.12.2008, 11:19

Дарадчык апарата Савета бяспекі Расеі Аляксей Анісімаў заявіў, што меркаванае размяшчэнне амерыканскай СРА у Еўропе, дзеянні блока НАТА і ЗША нясуць прамую пагрозу бяспецы Расеі і Беларусі.

"Блок НАТА, які з'яўляецца новай ваенна-палітычнай сілай у Еўропе, нясе патэнцыйную пагрозу бяспецы "саюзнай дзяржавы". Меркаванае размяшчэнне СРА у Чэхіі і Польшчы яшчэ больш ускладніць бяспеку нашых дзяржаў", - заявіў А.Анісімаў у Менску на семінары, арганізаваным Парламенцкім сходам "саюза" па пытаннях забеспячэння бяспекі "саюзнай дзяржавы", перадае "Інтэрфакс".

Па словах дарадчыка апарата Саўбеза Расеі, "геапалітычная сітуацыя ў свеце не стала больш стабільнай і прадказальнай. Змены гэтай сітуацыі носяць глабальны характар. "Няўдачы ЗША у Іраку і Аўганістане робяць гэтую краіну больш агрэсіўнай, што можа прывесці да яе неадэкватных дзеянняў", - адзначыў А.Анісімаў. У прыватнасці, па ягоных словах, на прыкладзе канфлікту на Каўказе "ЗША сутыкнуліся з перашкодамі па ўзмацненні свайго ўплыву". Паміж тым, лічыць эксперт, Злучаныя Штаты па-ранейшым будуць рабіць "упор на сілавыя метады і ваенную перавагу пры пашырэнні свайго знешнепалітычнага ўплыву".

У дадзеным выпадку, заявіў А.Анісімаў "Расея і Беларусь не могуць сябе адчуваць у бяспецы". У сувязі з гэтым, працягнуў А.Анісімаў, у межах саюзных адносінаў павінныя быць прадпрынятыя "палітычныя, эканамічныя, вайсковыя і дыпламатычныя меры па супрацьдзеянні новым пагрозам". "Наўрад ці на сённяшні дзень магчымае развязванне ваеннай агрэсіі ў адносінах Расеі і Беларусі, паміж тым неабходна распачаць сумесныя дзеянні па стварэнні ў дзвюх дзяржавах сучасных мабільных узброеных сіл, здольных даць адпор у выпадку развязвання гэтай агрэсіі ў адносінах аднаго з бакоў", - заявіў дарадчык апарата Савета бяспекі РФ.

Апошнія навіны