Настаўнікаў прымушаюць выпісваць праўладныя газэты. На суму ў больш чым 100 даляраў
- 17.12.2008, 14:01
Кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі ў Пінску разаслала ва ўсе падпарадкаваныя яму школы распараджэнне аб абавязковай падпісцы на перыёдыку на 1-е паўгоддзе 2009 года.
У райана склалі таксама спіс выданняў, што неабходна выпісаць, і вызначылі, на якую канкрэтна суму – 240 тысяч рублёў, паведамляе служба маніторынгу БАЖ.
Узначальвае прапанаваны спіс «неабходных» выданняў газета «Советская Белоруссия», затым ідуць абласная «Заря», раённая «Полесская правда», «Настаўніцкая газета» і некалькі прафесійных часопісаў на выбар.
Настаўнікі, спасылаючыся на крызіс і тое, што зменшылася стаўка першага разраду і, адпаведна, іх заробак, папрасілі зменшыць на парадак вызначаную на падпіску суму.
Але ў райаддзеле адукацыі адмовіліся ісці на саступкі і загадалі, каб кожны настаўнік прад’явіў падпісныя квітанцыі ў якасці пацверджання таго, што ўсе прапанаваныя газеты выпісаныя.