Арыштаваны былы віцэ-прэзідэнт Алімпійскага камітэта
- 20.12.2008, 9:10
Былы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Бондар арыштаваны супрацоўнікамі КДБ.
Як стала вядома "Прессболу", учора Аляксандр Бондар быў арыштаваны супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і змешчаны ў следчы ізалятар. На ягоную маёмасць таксама накладзены арышт.
Раней Аляксандр Бондар пазбавіўся пасады дырэктара НДІ фізкультуры і спорту.
28 лютага 2008 года выканкам НАКа пазбавіў газету "Прессбол" алімпійскай акрэдытацыі на Гульні ў Пекіне, матывуючы сваё рашэнне тым, што газета стала "друкаваць публікацыі, якія абражаюць пачуцці алімпійскіх чэмпіёнаў і што падрываюць дзелавую рэпутацыю НАК". Гаворка ішла аб артыкуле Святланы Парамыгінай "НИИсследованный миллиард" у нумары за 21 снежня 2007 года, дзе аўтар распавяла аб механізме буйных тэндэрных фінансавых махінацый працаўнікоў НДІ фізічнай культуры і спорту, які ўзначальваў Аляксандр Бондар.
Пазней гэтая публікацыя легла ў аснову афіцыйнай комплекснай праверкі НДІ, праведзенай Упраўленнем кантролю органаў аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму КДК (Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь). Яе вынікі цалкам пацвердзілі праўдзівасць выкладак журналісткі.