BE RU EN

Улады вырашылі зэканоміць на інавацыях

  • 20.12.2008, 12:00

Крызіс, што разгортваецца ў краіне, вымусіў скараціць выдаткі па Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця на 2007-2010 гады.

На фінансаванні інавацыйных праектаў у 2008 годзе зэканомяць каля 590 млрд. Br, у тым ліку каля 71 млрд. Br -- за кошт скарачэння паступленняў з рэспубліканскага бюджэту. У 2009г. праграму зрэжуць яшчэ на 400 млрд. Br. Змены занясуць па 157 праектах, з іх па 93-м - у частцы фінансавання. А за 9 месяцаў агульныя інвестыцыйныя выдаткі для рэалізацыі праграмы склалі 3,4 трлн. Br або каля 60% ад гадавога задання, піша «Экономическая газета».

«Было вырашана ўключыць 4 новых праекта, пры гэтым 27 выключыць з плану ў сувязі з іх неэфектыўнасцю», - паведаміў на паседжанні Савета Міністраў у аўторак старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ўладзімір Мацюшкоў.

Як было заяўлена, рашэннямі ўрада ў 2008 годзе за неналежнае выкананне службовых абавязкаў па рэалізацыі праграмы да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнутыя кіраўнікі шэрагу дзяржорганаў. Прынятыя меры дазволілі ліквідаваць адставанні на шасці вытворчых аб'ектах, яшчэ на сямі праблему абяцаюць вырашыць да канца года.

Разам з тым, да прыкладу, Мінсельгаспродам у 2008 годзе не будзе завершанае ўвядзенне ў эксплуатацыю трох аб'ектаў з ліку незавершаных яшчэ ў 2007г. Гаворка ідзе аб праектах на ААТ «Баранавіцкая птушкафабрыка» і РУСПП «Птушкафабрыка «Аршанская».

Сярод прычын невыканання заданняў Уладзімір Мацюшкоў назваў няўчаснае фінансаванне прац, затрымку ў пастаўках абсталявання, правядзенне тэндэраў. Дапушчаныя пралікі пры праектаванні і ўдакладненні ўмоў эксплуатацыі імпартуемага абсталявання.

Апошнія навіны