Лоўкі Бэл, і нічога больш
- Барыс Тумар, «Наша Ніва»
- 20.12.2008, 12:56
Кіраўнік дзяржавы выдаў указ, які ўводзіць мараторый на праверкі суб’ектаў гаспадарання.
Вы думаеце, падатковая інспекцыя будзе ліквідаваная ў нашай краіне? Ці будзе ліквідаваны Дэпартамент фінансавых расследаванняў? Ці аўдытарская палата — у форме Камітэту дзяржкантролю ці іншай?
Не смяшыце людзей. Гэтыя інстытуты дзейнічаюць у кожнай краіне. Так, яны могуць і павінны дзейнічаць інакш, чым у Беларусі — не выкарыстоўвацца для звядзення палітычных і кланавых рахункаў, паважаць права на рызыку, грунтавацца на прыязным заканадаўстве. Але яны былі і будуць у любой рынкавай эканоміцы, якой будзе Беларусь.
У абвяшчэнні мараторыю на праверкі адчуваецца рука піяр-майстроў.
Сапраўднай пераменай было б, напрыклад, перайменаванне КДБ, адсячэнне ад яго савецкіх каранёў і выхаванне ў спецслужбах іншай карпаратыўнай культуры. Сапраўднай пераменай было б спыненне сталінісцкай, варварскай рубінаўскай рэформы адукацыі, якая зробіць нашу краіну інтэлектуальна неканкурэнтаздольнай. Сапраўднай пераменай было б... Але ўсё тое зробіць ужо наступны кіраўнік незалежнай Беларусі.