BE RU EN

Леанід Заіка: «Для канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў рубель трэба дэвальваваць на 50%»

  • 20.12.2008, 14:23

У Беларусі замест «крызісу» ужываецца тэрмін «наступствы», хоць усе разумеюць, што крызісныя з'явы ўжо пайшлі, заяўляюць незалежныя эксперты.

На днях, на трэцім саміце дырэктароў, намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур заявіў, што крызіс беларусаў нібы яшчэ сур'ёзна не крануў.

Праўда, каго больш ён хацеў гэтым пераканаць — сябе або прысутных кіраўнікоў прадпрыемстваў, сказаць цяжка, адзначаюць «Белорусские новости».

Як заявіў намміністра, мы нібыта знаходзімся толькі ў пачатку шляху патэнцыйных наступстваў. Хоць крызіс нас усё жа кране, лічыць Тур. Ён ужо пачынае пераходзіць з сусветных фондавых і фінансавых рынкаў на таварныя, што пачынае адчуваць і Беларусь. «Ужо скарачаецца экспарт беларускай прадукцыі. У няпростым становішчы знаходзяцца Казахстан, Расейская Федэрацыя, дзе на 50% скідаюць вытворчасць. У вельмі сур'ёзнай сітуацыі знаходзіцца Ўкраіна, якая не можа разлічыцца з беларускімі прадпрыемствамі, таму што грыўна практычна неканвертоўная», — растлумачыў намміністра.

Яшчэ на аналагічным мерапрыемстве ў студзені 2008 года той жа намміністра эканомікі звяртаў увагу на досыць трывожны для беларускай эканомікі факт: 100-110 стратэгічных пазіцый сёння вызначаюць больш за 2/3 беларускага экспарту. Удар па любой з іх істотна паўплывае на агульны экспартны аб'ём. Таму, казаў тады Тур, «задача дыверсіфікавання экспарту — гэта задача бягучага дня і на ўсё пакінутае жыццё».

Па словах кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніда Заікі, у Беларусі замест «крызісу» ужываецца тэрмін «наступствы», хоць усе разумеюць, што крызісныя з'явы ўжо пайшлі. Ён лічыць, што «крызіс — гэта выдатна», паколькі гэта сітуацыя, «калі нешта пачынае адбывацца». Таму што нацыянальныя эканомікі, якія былі лідуючымі ў свеце, апынуліся ў стане «кагнітыўнага дысанансу».

Па адзнацы эксперта, падзенне продажаў за мяжу адбудзецца на 15-20%. «Апошнія гады Беларусь развівалася за кошт росту экспарту. Наш экспарт быў выдатны. Больш за 40% ішло ў Заходнюю Еўропу. У асноўным гэта былі нафтапрадукты — бензін, дызельнае паліва. У выніку мы даэкспартаваліся да таго, што ў нас літр 95-га бензіну каштуе 1 даляр, а ў суседняй Украіне — 60 цэнтаў». Як адзначыў эксперт, Расея і Ўкраіна цяпер ідуць на паляпшэнне ўмоваў гандлю для экспарцёраў і дэвальвуюць сваю нацыянальную валюту: Расея — на 12%, Украіна — на 30%. Беларусі для канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на суседніх рынках трэба дэвальваваць сваю валюту на 50%, лічыць Заіка.

Апошнія навіны