Лукашэнка не паехаў на саміт СНД
- 20.12.2008, 18:57
Прэзыдэнты толькі пяці краінаў – Армэніі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі ды Таджыкістану ўдзельнічаюць у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў СНД, якая праходзіць на курорце Баравое (Казахстан).
Правесьці сустрэчу лідэраў краін АДКБ (Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы) не атрымалася – Іслам Карымаў адмовіўся ад удзелу ў ёй, а Аляксандар Лукашэнка, як адзначаюць расейскія мэдыі, аддаў перавагу хакею, а не прэзыдэнцкай сустрэчы.
Не прыехаў у Казахстан таксама прэзыдэнт Туркмэністану, а Азэрбайджан, Грузія, Малдова ды Ўкраіна запрашэньне на сустрэчу не атрымалі.
Учора ўвечары Аляксандар Лукашэнка атрымаў паразу на лёдзе Палацу спорту, што на Хадынскім поле ў Маскве. Тут каманда “Зборная зорак сьвету”, за якую гуляў беларусмкі кіраўнік, з лікам 5:9 саступіла камандзе “Газпром экспарт”, паведаміў "Радыё Свабода".
Трымаючыся за руку кіраўніка беларускай дзяржавы, на лёд выходзіў і яго малодшы сын – Мікалай.
Нагадаем, што 22 снежня Аляксандр Лукашэнка павінен сустрэцца з прэзідэнтам Расеі. Разам з ім на сустрэчы будуць прысутнічаць старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч і прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. З расейскага боку будзе таксама прысутнічаць прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін. Адна з тэмаў перамоваў – цана на газ для Беларусі.