95 тысяч тонаў боепрыпасаў могуць падарвацца з-за пажару ў Харкаўскай вобласці Ўкраіны
- 27.08.2008, 23:36
У Лазоўскім раёне Харкаўскай вобласці загарэўся лес. Прыбылым на месца пажарнікам не ўдалося згасіць агонь, з-за парываў ветру ён дасягнуў аб'ектаў 61-го арсеналу Паўднёвага аператыўнага камандавання Сухапутных войскаў вайскоўвых сілаў Украіны, дзе і захоўваюцца боепрыпасы. Боепрыпасы пачалі выбухаць.
На ліквідацыі пажару задзейнічана 130 выратавальнікаў і 35 адзінак тэхнікі МНС, а таксама два пажарных танкі Мінабароны. З суседніх вобласцяў да месца надзвычайнай сытуацыі падцягваюцца неабходныя дадатковыя сілы і спецыяльная тэхніка, у прыватнасці, пажарныя танкі.
Як зазначае МНС, эвакуяванаму ў радыусе пяці кіламетраў ад эпіцэнтру выбухаў насельніцтву падаецца дапамога.
Аскепкі боепрыпасаў, паведамляе МНС, пры выбуху не разлятаюцца за тэрыторыю ваеннай базы. "Інфармацыя адносна пацярпелых удакладняецца", - гаворыцца ў паведамленні.
Да месца пажару на арсенале прыбылі два пажарнных танкі і тры пажарных машыны, аднак з-за парываў ветру, якія судзейнічаюць распаўсюджванню агня, дагэтуль пажар патушыць не атрымалася. Мясцовыя ўлады прагназуюць, што пажар яшчэ працягнецца два-тры дні.
Мінабароны стварыла адмысловую камісію па дадзеным інцыдэнце. Жыхароў гораду Лазовая Харкаўскай вобласці, на ўскраіне якога гарыць ваенны склад і выбухаюць артснарады, вырашылі тэрмінова эвакуяваць. Па дадзеных Мінабароны, у выніку пажара пакуль ніхто не пацярпеў. Усяго на складзе захоўваецца каля 95 тысяч тонаў боепрыпасаў.