19 верасьня - дзень нацыянальных сымбаляў Беларусі
- 19.09.2008, 19:47
19 верасьня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету была прынятая новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацьверджаныя дзяржаўныя сымбалі — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг.
Аднак ужо праз 4 гады, на рэферэндуме 1995 года, ініцыянаваным Аляксандрам Лукашэнкам, гістарычныя сымбалі вольнай і свабоднай Беларусі былі пазбаўлены статусу дзяржаўных і трапілі пад забарону, пад якой знаходзяцца і зараз.
Аднак герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг застаюцца адзінымі сапраўднымі нацыянальнымі сымбалямі Беларусі. Наш бел-чырвона-белы сьцяг ўьзнік не пазьней за пачатак ХVІ стагоддзя, дзе верхняя палоса - колер «Пагоні», сярэдняя - спрадвечны колер самога сьцяга, а ніжняя - колер рыцарскага шчыта на «Пагоні» (адзначым, што акрамя белага былі і іншыя варыянты колеру шчыта: чырвоны, сіні). Найбольш старажытная выява беларускага сьцяга захавалася на карціне, прысьвечанай пераможнай бітве нашых продкаў з маскоўцамі пад Воршай (1514 год).
Дзяржаўным жа (уладарным) гербам Вялікага Княства з другой паловы ХІІІ стагодзьдзя сталася выява збройнага рыцара на кані - «Пагоня». Лічыцца, што напачатку яна была гербам Полацка, а таксама Новагародка. Ад пачатку ХV стагодзьдзя на шчыце «Пагоні» ўжо сустракаецца шасьціканцовы крыж з карацейшай верхняй перакладзінай. Такія крыжы былі тыповымі хрысьціянскімі сымбалямі ў Беларусі ў ХІ-ХІV стагодзьдзях. Першыя ж зьвесткі пра сьцягі з выявамі «Пагоні» паходзяць ад часу Грунвальдзкае бітвы (1410 год).