BE RU EN

Валянцін Елізар’еў «ляснуў дзвярыма» Нацыянальнага тэатра оперы і балета (Фота, відэа)

  • 19.01.2009, 15:10

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра оперы і балета Валянцінаў Елізар’еў напісаў заяву аб сыходзе.

Аб гэтым Народны артыст Беларусі паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску.

«З сённяшняга чысла я ўжо не лічуся на пасадзе мастацкага кіраўніка тэатра. 12 студзеня 2009 года я падаў на імя міністра культуры заяву аб сыходзе па ўласным жаданні, і 17 студзеня заява была падпісаная», -- паведаміў Елізар’еў.

Падставай для адстаўкі Елізар’ева паслужыла тое, што пры зліцці тэатраў оперы і балета яму прапанавалі пасаду толькі мастацкага кіраўніка балета. Выконваць абавязкі дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі кіраўніцтва міністэрства культуры прызначыла іншага чалавека.

Але гэта яшчэ не ўсё. Свой сыход з тэатра Елізар’еў, які прапрацаваў у тэатры оперы і балета 36 год, тлумачыць наступным чынам:

«Сказаць, што гэта проста канфлікт мастака з чыноўнікамі – гэта нічога не сказаць. Сарваныя ўсе тэрміны рэканструкцыі Нацыянальнага тэатра оперы і балеты. 3,5 гады я штотыдзень наведваў будоўлю. Рэканструкцыя тэатра ідзе з вялікімі парушэннямі, сарваныя ўсе тэрміны заканчэння рамонту. Я бы сказаў, што рэканструкцыя ідзе «зацяжнымі» тэмпамі. Закладнікамі некампетэнтнасці чыноўнікаў сталі артысты. Няма памяшканняў для рэпетыцыі хору, для рэпетыцыі аркестраў. Мы ўсё чакаем, калі, нарэшце, хоць бы працоўныя памяшканні (я ўжо не кажу пра парадныя, пра залу) будуць завершаныя, каб людзі хоць бы не былі на вуліцы.

Гэта кашмар тое, што гэтыя 3,5 гады рабілі опера і балет у Доме афіцэраў і Палацы рэспублікі, якія не прыстасаваныя для тэатральных відовішчаў. Цалкам дзіўна і мужна сябе паводзілі артысты, калі працягвалі працаваць у такіх умовах. Некалькі гадоў, якія ідзе рэканструкцыя, артысты правялі ў пыле, брудзе, чысам без цяпла. Адзін дзень арэнды сцэны Палаца рэспублікі, у якім знаходзіцца трупа тэатра, каштуе 8 тысяч еўра», -- адзначыў былы худрук тэатра.

Елізар’еў падкрэсліў таксама праблему нізкіх заробкаў артыстаў тэатра.

«Я думаю, што пытанне з артыстамі з'яўляецца самым галоўным. Нажаль, і ў нас, і ў іншых тэатрах адбываецца адток кадраў. Адбываецца гэта з-за нізкага ўзроўня аплаты працы. Я напісаў ліст Лукашэнку. Ён адгукнуўся і выдаў указ аб падвышэнні заробкаў на 75 адсоткаў. Але чамусьці да тэатра дайшлі 45 адсоткаў і чамусьці на тарыфную сетку, на штатны расклад. І заслужаная артыстка атрымлівае такі жа дадатак да заробку, як і чалавек, які толькі што прыйшоў у тэатр. Увогуле, няма справядлівасці. Не разумее міністр культуры, што можна пабудаваць будынак тэатра, але загубіць мастацкі калектыў. Бо галоўнае не будынак тэатра, а людзі», -- падагульніў артыст.

Па словах Елізар’ева, за крытыку працэсу рэканструкцыі тэатра яму прыйшлося паплаціцца.

«Я дамагаўся якасці, вельмі шмат выступаў і адкрыта лаяўся і мяне хуценька адусюль прыбралі, з усіх камісій па рэстаўрацыі. Мяне сталі рэзка адхіляць ад удзелу падчас рэканструкцый і ад магчымасці кантраляваць якасць і кваліфікаванасць прынятых рашэнняў», -- распавядае ён.

Елізар’еў таксама адзначыў, што 36 год прапрацаваў у трупе беларускага балета. «Учора я ўжо вывез свой архіў з тэатра. Ніхто з кіраўнікоў - ні міністр культуры, ні ягоны намеснік не сказалі мне нават дзякуй. Адзіныя, хто звярнуліся да мяне з просьбай не сыходзіць з тэатра - гэта артысты трупы. Артысты адзіныя са мной развіталіся, адзіныя, хто сказаў мне добрыя словы. Яны спрабуюць змагацца за мяне. Мне вельмі дорага гэта, гэта святое для мяне. Прызнанне мяне мастаком, прызнанне мяне лідэрам. У мяне проста душа раздзіраецца на часткі аб таго, што мне прыходзіцца з імі раставацца», - сказаў народны артыст.

«Я 36 год працаваў у тэатры і з іх 17 гадоў дырэктарам і худруком тэатра оперы і балета. І гэтыя веды, досвед, уменне быць менеджэрам і імпрэсарыа ў гэтым тэатры не спатрэбіліся! Бачыць усё гэта і змірыцца з гэтым, не паважаць сваю працу і сам тэатр нельга», -- сказаў Елізар’еў.

Датычна сваіх планаў на будучыню, В.Елізар’еў адзначыў, што, «калі запросяць, то я гатовы працаваць з беларускай трупай». Пры гэтым ён паведаміў, што гатовы «ставіць спектаклі і ў Расеі».

«Усе гады працы ў Беларусі я адмаўляўся ад прапановаў працаваць за мяжой, каб не тыражаваць свае спектаклі, пастаўленыя на беларускай сцэне», - адзначыў В.Елізар’еў. Пры гэтым ён паведаміў, што за 2008 год «тэатр балета прынёс дзяржаве чыстага прыбытку не менш за 120 тысяч даляраў».

Апошнія навіны