BE RU EN

Для менскіх прадпрымальнікаў каэфіцыенты па арэнднай плаце паніжаныя на 20%

  • 26.01.2009, 15:30

У Менску паніжаныя падвышаючыя каэфіцыенты да базавых ставак арэнднай платы за гандлёвыя месцы, што прадастаўляюцца на гандлёвых аб'ектах прыватнай формы ўласнасці.

Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Менскім гарадскім выканаўчым камітэце.

Там ўдакладнілі, што ў адпаведнасці з распараджэннем Менгарвыканкама ў Менску з 1 студзеня 2009 года на 20% паніжаныя падвышаючыя каэфіцыенты да базавых ставак арэнднай платы на рынках і ў гандлёвых цэнтрах прыватнай формы ўласнасці.

Як растлумачыў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Менгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі, дадзенае рашэнне прынятае з мэтай кампенсаваць прадпрымальнікам выдаткі, што ўзраслі пасля дэвальвацыі ў пачатку года беларускага рубля на 20%.

«Падвышаючыя каэфіцыенты да базавых ставак арэнднай платы з 1 студзеня 2009 года паніжаныя на 20%, каб кампенсаваць прадпрымальнікам іх выдаткі, якія ўзраслі пасля дэвальвацыі беларускага рубля на 20%. Адпаведна, арэндадаўца абавязаны будзе зрабіць для іх пераразлік», - дадаў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва.

Ён нагадаў, што ўказам № 148 «Аб неадкладных мерах па падтрымцы прадпрымальніцтва» усталявана, што памер арэнднай платы за гандлёвыя месцы, якія прадастаўляюцца арандатарам на рынках і іншых гандлёвых аб'ектах прыватнай формы ўласнасці, вызначаецца арэндадаўцамі, зыходзячы з памеру базавай стаўкі арэнднай платы. Базавая стаўка арэнды вылічаецца ў еўра, і ў Менску яна адпавядае 10 еўра за 1 кв.м.

«У межах базавай стаўкі арэндадаўца мае права самастойна ўсталёўваць плату за арэнду», - сказаў Аляксандр Каліноўскі.

Разам з тым, калі ўладальнік гандлёвага аб'екта лічыць, што плата за арэнду не пакрывае ўкладзеных у гандлёвы аб'ект сродкаў і яе неабходна падвысіць, ён павінен узгадніць гэта з старшынёй гарвыканкама.

«Арэндадаўца робіць эканамічнае абгрунтаванне і ўзгадняе яго з адміністрацыяй раёна. Канчатковае рашэнне прымаецца толькі па ўзгадненні са старшынёй Менскага гарвыканкама, пасля чаго арэндадаўца мае права ўсталёўваць падвышаючы каэфіцыент да базавай стаўкі арэнднай платы», - растлумачыў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва.

Па ягоных дадзеных, у цяперашні час у сталіцы падвышаючыя каэфіцыенты ўжываюцца на больш 100 прыватных гандлёвых аб'ектах.

«Памер падвышаючага каэфіцыента можа адрознівацца нават унутры аб'екта і залежыць ад шматлікіх фактараў, напрыклад ад месцазнаходжання гандлёвай кропкі», - адзначыў Аляксандр Каліноўскі.

Апошнія навіны