З-за крызісу грузаперавозкі ў Беларусі сталі стратнымі
- 27.01.2009, 8:47
Крызіс практычна прыпыніў дзейнасьць прыватных перавозчыкаў Гарадзеншчыны. Дзяржаўныя перавозчыкі сваіх цяжкасьцяў, звязаных з крызісам, не прызнаюць.
У гарадзенскім ААТ «Крыштальтранс» адчулі ўплыў крызісу яшчэ ў сьнежні мінулага года.
«У нас зьменшыліся аб’ёмы перавозак на 40% у кірунку Заходняй і Ўсходняй Эўропы», - паведаміў «Радыё Свабода» адзін з дырэктараў прадпрыемства Ігар Прамохін.
З новага году мінуў ужо амаль месяц, але ніякіх зрухаў з нарошчваньнем аб’ёмаў перавозак дырэктар прадпрыемства не адчувае.
«Не, пакуль толькі размовы», - кажа ён.
Ігар Прамохін таксама дадаў, што рабочых пакуль не скарачалі, але заробкі ў людзей зьнізіліся.
Галоўны інжынэр дзяржаўнага транспартнага прадпрыемства «Аўтатранс № 9», якое займаецца міжнароднымі і ўнутранымі перавозкамі, Віктар Адаменя сьцьвярджае, што прадпрыемства працуе, не зважаючы на крызіс.
«Як працавалі, так і працуем. Тое, што ў нас прагназаваліся зьніжэньні аб’ёмаў перавозак на зімовы пэрыяд, так і адбылося, але ў астатнім мы працуем у сваёй сыстэме й крызісу пакуль не адчуваем», - заявіў ён.
Але дырэктар лідзкай фірмы «Залатыя шалі», якая таксама займаецца міжнароднымі й унутранымі грузавымі перавозкамі, спадар Міхал проста ў адчаі.
«Зусім упалі перавозкі. За сьнежань мы зрабілі адзін рэйс, а ў студзені яшчэ ніводнага», - скардзіцца дырэктар «Залатых шаляў».
У асноўным фірма займалася перавозкамі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Расею й расейскіх — у Беларусь. Зараз, з словаў спадара Міхала, фрахты ўпалі ў цане адсоткаў на 40, і перавозкі сталі стратнымі.
У гэтай сытуацыі, кажа спадар Міхал, перавозчыкі засталіся сам-насам з праблемамі крызісу і ніякай падтрымкі ад дзяржавы не адчуваюць.
«Сытуацыя складаецца так, што і прадаць нічога ня можаш, каб заплаціць за крэдыты, бо тэхніку, якую набываў раней па адным кошце, цяпер магу прадаць толькі за палову гэтага кошту», - зазначае дырэктар фірмы.
Спадар Міхал лічыць, што пакуль у Расеі не запрацуюць прадпрыемствы, беларускія перавозчыкі таксама будуць стаяць.
«Нейкія грошы ўліваюцца, але аддачы ніякай няма. Усе нашы прадпрыемствы стаяць, бо няма заказаў з Расеі. У расейцаў крэдытных рэсурсаў няма, грошы да нас ня йдуць, вось таму мы й стаім», - падсумаваў ён.