Беларускія праваабаронцы маюць намер змагацца супраць смяротнага пакарання
- 27.01.2009, 10:23
У Беларусі распачалася кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання». Мэтай кампаніі з'яўляецца спыненне смяротнага пакарання ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны падрыхтавалі адпаведную петыцыю. Гэты зварот, падпісаны як вядомымі беларускімі дзеячамі, так і простымі грамадзянамі, будзе перададзены ўладам.
«Тое, што ў Беларусі да гэтага часу прыводзяцца да выканання смяротныя прысуды – гэта абуральна. І вельмі выразна сведчыць аб жорсткасці беларускай рэпрэсіўнай сістэмы, уключаючы ў сябе суды, пракуратуру і месцы ўтрымання вязняў. Мне здаецца, што Беларусь працягвае чапляцца за савецкае мінулае, дзе смяротнае пакаранне выкарыстоўвалася вельмі-вельмі часта», -- адзначыў Алесь Бяляцкі, праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.
Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які хоць і не прадугледжвае абавязковай адмовы ад смяротнага пакарання, але накіроўвае краіны да абмежавання ўжывання і адмены выключнай меры пакарання. Аднак Рэспубліка Беларусь да гэтага часу не далучылася да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнага пакарання (прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН 15 снежня 1989 года). Дзяржавы, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у гэтым Пратаколе, абавязаліся адмяніць гэты від пакарання.
На гэты момант Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца да выканання смяротныя прысуды. Пасля адмены смяротнага пакарання Узбекістанам з 1 студзеня 2008 года наша краіна засталася апошняй з дзяржаваў на постсавецкай прасторы, якая ўжывае гэты від пакарання.