BE RU EN

Прадпрымальнікі рынку «Ждановічы» адмаўляюцца плаціць падвышаную арэндную плату

  • 27.01.2009, 12:36

Такое рашэнне было прынята ў аўторак у часе сходу гандляроў рынку – прыватнікі патрабуюць знізіць аплату да ўзроўню снежня 2008-га года.

Рашэнне аб нясплаце арэнднай платы прадпрымальнікі матывуюць тым, што з-за студзеньскай дэвальвацыі беларускага рубля ў лютым яна мусіць вырасці роўна на 20 адсоткаў, так як прывязаная да еўрапейскай валюты, перадае «Радыё Рацыя».

У сувязі з гэтым гандляры вырашылі сабрацца на сход, у якім прыняла ўдзел больш за сто чалавек. Прадпрымальнікі ня згодныя з тым, што адміністрацыя рынку хоча вырашыць свае эканамічныя праблемы за кошт тых, хто гандлюе, таму прынялі рашэнне пакуль арэндную плану не ўносіць. Бо, на погляд прадпрымальнікаў, у перыяд крызісу, калі гандаль і так дрэнна ідзе ў сувязі з нізкай пакупніцкай здольнасцю, наадварот павінны паніжацца арэнда і падаткі.

Таму гандляры прапаноўваюць адміністрацыям рынкаў знайсці кампраміснае рашэнне, якое бы задаволіла і адміністрацыю, і прадпрымальнікаў.

Нагадаем, што днямі падобны сход адбыўся і на сталічным аўтарынку «Малінаўка», там прадпрымальнікі сабралі больш 500 подпісаў пад зваротам супраць падвышэнні арэнднай платы на 50-60%.

З той сама прычыны пратэставалі прадпрымальнікі ў Салігорску, адмаўляючыся падпісваць дамовы з новымі расцэнкамі на арэнду гандлёвай плошчы. З студзеня арэнда аднаго квадратнага мэтра гандлёвай плошчы, згодна дамове, склала не пяць еўра, як было раней, а сем.

У адпаведнасці з распараджэннем Менгарвыканкама ў Менску з 1 студзеня 2009 года на 20% паніжаныя падвышальныя каэфіцыенты да базавых ставак арэнднай платы на рынках і ў гандлёвых цэнтрах прыватнай формы ўласнасці. Базавая стаўка арэнды вылічаецца ў еўра, і ў Менску яна адпавядае 10 еўра за 1 кв.м.

Апошнія навіны