BE RU EN

Трое сутак нелегалы-в'етнамцы шукалі ў лесе пад Менскам мяжу з Еўразвязам

  • 27.01.2009, 12:49

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў лясным масіве пад Ратамкой (Менскі раён) 6 грамадзянаў В'етнама, якія спрабавалі патрапіць з Масквы праз Беларусь у краіны Еўразвяза.

Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у РУУС Менскага раёна.

"Шэсць грамадзянаў В'етнама без дакументаў правялі ў лесе пад Менскам каля 3 сутак. Яны былі затрыманыя міліцыяй", - паведамілі ў РУУС.

Паводле папярэдняй інфармацыі, "група нелегалаў прыехала ў Беларусь з Масквы. У аднаго з затрыманых ёсць расейская віза".

"Ёсць падставы меркаваць, што асобы, якія займаюцца нелегальнай перапраўкай асобаў у краіны Еўразвяза, прывезлі в'етнамцаў у лес пад Ратамкой і сказалі ім, што яны знаходзяцца на тэрыторыі адной з краінаў Еўразвяза", - адзначылі суразмоўцы агенцтва. Паводле іх словаў, "вядомыя выпадкі, калі так званыя праваднікі вывозілі групу нелегалаў у лес, бралі ў іх грошы і казалі, што яны знаходзяцца ў гадзіне хады ад Парыжу ці Брусэля".

Разам з тым супрацоўнікі міліцыі адзначылі, што "падрабязнасці таго, як 6 в'етнамцаў патрапілі ў лес пад Ратамкой, будуць выяўленыя, калі прыедзе перакладчык". "Толькі адзін з затрыманых крыху ведае рускую мову", - сказалі суразмоўцы агенцтва.

Супрацоўнікі міліцыі распавялі, што "за трое сутак, якія замежнікі блукалі па лесе, яны змерзлі і згаладаліся. Калі іх прывезлі ў аддзяленне міліцыі, яны з прагнасцю елкі батоны і пілі гарачую гарбату". "Апранутыя нелегалы былі цёпла. Відаць, што яны рыхтаваліся да доўгай і складанай дарогі ў Еўропу", сказалі суразмоўцы агенцтва. Разам з тым яны здзівіліся, што "на людзях, якія збіраліся хавацца ў зімовым лесе, былі яркія дзіцячыя шапкі".

У групу затрыманых нелегалаў уваходзяць 6 мужчынаў 1961-1992 гадоў нараджэння, удакладнілі ў міліцыі. "У цяперашні час вырашаецца пытанне аб іх дэпартацыі", - паведамілі суразмоўцы агенцтва.

Апошнія навіны