«Магілёўскія казакі» хочуць заснаваць станіцу
- 13.10.2009, 16:24
У вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна побач з жаночым манастыром плануюць заснаваць станіцу магілёўскія казакі.
Пра гэта БелТА паведаміў атаман Магілёўскай казацкай акругі Ігар Хадасевіч.
За гэту справу возмецца Магілёўскі гарадскі аддзел РГА «Беларускае казацтва». Увесну будучага года казакі пачнуць будаўніцтва штаба, канюшняў, міні-гатэля, а таксама гаспабудоў для ўтрымання і развядзення хатніх жывёл. «Асноўная мэта стварэння станіцы – ахова і забеспячэнне жыццядзейнасці Баркалабаўскага манастыра. Таксама мы плануем займацца адраджэннем і папулярызацыяй казацкай культуры і традыцый, гадаваннем каней, навучаннем коннай яздзе і баявому мастацтву», — распавёў атаман.
Такая сітуацыя ўжо існуе ў вёсцы Бярозавічы Бабруйскага раёна, на базе якой створаны коннаспартовы клуб.
Да канца гэтага года магілёўскія казакі будуць займацца планіроўкай і падрыхтоўкай будаўнічай пляцоўкі, а таксама працягваць аказваць пасільную дапамогу ў будаўніцтве манастыра.
Магілёўская казацкая акруга створана ў 2004 годзе. У яе склад уваходзяць Бабруйскі і Асіповіцкі гарадскія і раённыя казацкія аддзелы, а таксама Магілёўскі гарадскі казацкі аддзел РГА «Беларускае казацтва». Зараз магілёўскае казацтва налічвае больш за 100 чалавек.
Нагадаем, што беларускае грамадства скептычна і насцярожана аднеслася да актывізацыі ў Беларусі так званых «казакаў». У часы Расейскай імперыі казацкія палкі прысылалі ў Беларусь, каб змагацца з паўстанцамі. Паводле сведчанняў гісторыкаў, казакі пакідалі тут крывавыя сляды. Многія вядомыя ў краіне людзі былі забітыя ці закатаваныя імі.