BE RU EN

Расейскі МЗС абвяргае абвінавачванні Лукашэнкі

  • 15.10.2009, 9:38

Беларускі кіраўнік заяўляў, што Расея сама вінаватая ў тым, што ён дагэтуль не прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Расея не аказвае ціску на афіцыйны Менск дзеля таго, каб ён прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, заявіў 14 кастрычніка ў інтэрв'ю РИА «Новости» намеснік міністра замежных справаў Расейскай Федэрацыі Рыгор Карасін.

«У пытанні аб прызнанні новых закаўказскіх рэспублікаў іншымі дзяржавамі Расея не аказвае якога-небудзь ціску на сваіх партнёраў па міжнароднай супольнасці. У гэтым пытанні кожная дзяржава павінна вызначацца самастойна», - сказаў ён.

Як раней паведамляў БелаПАН, пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі не ўключанае ў парадак дня восеньскай сесіі парламента, аднак, як заявілі ў Палаце прадстаўнікоў, пытанне можа быць уключанае падчас працы дэпутатаў.

Як заявіў 2 кастрычніка прадстаўнікам расейскіх рэгіянальных СМІ на прэс-канферэнцыі ў Менску Аляксандр Лукашэнка, Расея сама вінаватая ў тым, што Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Як адзначыў Лукашэнка, ЕЗ і ЗША былі паінфармаваныя пра тое, што Беларусь будзе «ісці да прызнання гэтых рэспублікаў».

«Але камусьці ў Расеі вельмі хацелася ці нас «схіліць» найхутчэй, ці, можа быць, наогул не хацелася, каб мы прызнавалі гэтыя рэспублікі, - заявіў прэзідэнт. - Пачалі нас цэнтральныя СМІ, відавочна падкантрольныя дзяржаўным чыноўнікам, проста цкаваць, што не прызнае, таму што 500 млн даляраў не далі. Як быццам я за грошы павінен прызнаць гэтыя рэспублікі. Ну і пайшла гэтая хваля ў той момант, калі мы павінны былі прызнаць. Гэта прызналі вашыя кіраўнікі. Таму я сказаў: «Стоп, хлопцы, у гэтай сітуацыі так не будзе». Я пра гэта нядаўна сказаў аднаму і другому (Дзмітрыю Мядзведзеву і Уладзіміру Пуціну - БелаПАН.): «Хлопцы, вы самі стварылі такую сітуацыю, таму трывайце». Гэта вельмі хваравітае пытанне, але, думаю, разбярэмся».

Апошнія навіны