BE RU EN

Гомельскі дэмакрат патрабуе прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў-ілжэсведак

  • 15.10.2009, 12:17

Лідэр гомельскай апазіцыі Уладзімір Кацора звярнуўся ў абласную пракуратуру па факце затрымання актывістаў апазіцыі 16 верасня ў Гомелі.

Уладзімір Кацора патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія ілжыва сведчылі у рапартах па факце яго затрымання. Як адзначае «Радыё Свабода», на падставе хлуслівых рапартаў супраць Кацоры і шэрагу іншых гомельскіх грамадскіх актывістаў была ўзбуджаная адміністрацыйная справа. Сямёра з іх аштрафавалі на 20-40 базавых велічыняў.

Палітык накіраваў таксама заяву на імя старшыні суда Чыгуначнага раёна Гомеля з адмовай удзельнічаць у судовым разглядзе сваёй адміністрацыйнай справы. Позву ў суд на 13 кастрычніка Уладзімір Кацора атрымаў у той жа дзень па пошце заказным лістом.

«Суд, -- піша ў лісце на імя старшыні суда палітык, -- не шукае ісціну: адхіляе хадайніцтвы аб далучэнні да справы матэрыялаў аператыўнага відэазапісу міліцыі, ігнаруе відавочныя фотаздымкі і сведчанні з нашага боку пра тое, што ніхто з фігурантаў адміністрацыйнага працэсу не здзяйсняў прыпісаных ім правапарушэнняў».

Нагадаем, што 16 верасня каля 17.00 паўтары дзясяткі гомельскіх кіраўнікоў і актывістаў рэгіянальных партыйных і грамадскіх арганізацыяў вышлі з офіса АГП, які размяшчаецца на вуліцы Палескай, і накіраваліся да плошчы Паўстання. Неўзабаве ім шлях перагарадзіў аўтобус, у які іх пачалі заганяць спецназаўцы і людзі ў цывільным. Затрыманыя былі дастаўленыя ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, дзе на іх былі складзеныя пратаколы за несанкцыянаванае шэсце.

У дакуменце УУС Гомельскага аблвыканкама кажацца, што затрыманне апазіцыянераў было зробленае пасля ананімнага тэлефанавання, якое паступіла па тэлефоне «102». Невядомы нібыта паведаміў, што на плошчы Паўстання ў Гомелі запланаванае правядзенне «антыграмадскай акцыі».

Апошнія навіны