Сацыял-дэмакраты Ляўковіча пазбавіліся офіса ў сталіцы
- 15.10.2009, 14:54
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) мусіць вызваліць памяшканне, дзе знаходзіўся цэнтральны офіс у Менску, паводле рашэння суда.
Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні Анатоль Сідарэвіч.
«Вызваліць памяшканне мы мусім паводле рашэння суда. Зараз я пайду ў офіс адключаць тэлефоны», — сказаў ён.
БСДП (Грамада) арэндавала ў сталіцы памяшканне, якое належала аднаму з жыллёва-будаўнічых карпаратываў. У ім размяшчаўся офіс цэнтральнай, Менскай гарадской і чатырох раённых арганізацый партыі.
Новы старшыня ЖБК палічыў, што папярэдні не меў права здаваць партыі ў арэнду памяшканне, і падаў іск у гаспадарчы суд Менска. Суд прапанаваў бакам уладзіць канфлікт пры дапамозе пасярэдніка, аднак дамовіцца з ЖБК сацыял-дэмакраты не здолелі.
Новы офіс у Менску БСДП пакуль не знайшла. Кіраўнік партыі Анатоль Ляўковіч не выключае, што цэнтральны офіс прыйдзецца рэгістраваць не ў сталіцы.