BE RU EN

БНФ «Адраджэньне» адстаяў офіс у Магілёве

  • 16.10.2009, 16:26

16 кастрычніка ў Магілёўскім абласным судзе было падпісана міравое пагадненне паміж ЖКГ Ленінскага раёна Магілёва з абласной арганізацыяй БНФ «Адраджэньне».

Камунальнікі, такім чынам, адмовіліся ад сваіх патрабаванняў вызваліць памяшканне, якое арэндуе БНФ. БНФ «Адраджэньне» абавязана аплаціць запазычанасць за арэнду і выплаціць палову судовых выдаткаў.

Намеснік старшыні БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што выдаткі складаюць крыху больш за 700 тысяч рублёў. Камунальнікі, паводле Кастусёва, змянілі пункт пагаднення, згодна з якім БНФ «Адраджэньне» для працягнення дамовы арэнды мусіла было звярнуцца за дазволам у Магілёўскі гарвыканкам, перадае «Белорусский партизан».

«Калі б гарвыканкам адмовіў нам, то цягам пяці дзён мы мусілі былі выехаць з памяшкання. А іншага мы проста не знайшлі б. Зараз, згодна з пагадненнем, мы мусім на наступным тыдні звярнуцца да камунальнікаў, каб падпісаць менавіта з імі дамову арэнды. Калі яны адмовяцца, то парушаць сённяшняе міравое пагадненне, і мы тады будзем звяртацца ў суд», - адзначыў па выніках паседжання Магілёўскага абласнога суда Рыгор Кастусёў.

Нягледзячы на дасягнутае пагадненне, Рыгор Кастусёў настойвае на палітычным характары рашэння. Рукамі камунальнікаў, гаворыць палітык, улады імкнуліся пазбавіць арганізацыю памяшкання, а затым і ліквідаваць.

Апошнія навіны