BE RU EN

Апазіцыянераў аштрафавалі за крыж герою антысавецкага падполля

  • 2.10.2009, 17:41

У судзе Вілейскага раёна завяршыўся суд над актывістамі дэмакратычнага руху Аляксандрам Сюдаком, Уладзімірам Малерчуком і Аляксандрам Наркевічам.

Іх абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага мітынгу падчас усталявання крыжоў на месцы расстрэлу актывіста беларускага антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага ў лесе каля вёскі Красны Беражок, паведамляе «Радыё Свабода».

Вілейскія актывісты заяўляюць, што абвінавачанне пра несанкцыянаваны мітынг не мае пад сабой ніякіх абгрунтаванняў. Аднак суддзя Юры Абрамчык сёння абвясціў абвінаваўчы прысуд усім траім актывістам. Такім чынам, Аляксей Сюдак і Уладзімер Малярчук былі аштрафаваныя на 30 базавых велічынь (1 мільён 50 тысяч рублёў), а Алесь Наркевіч — на 20 базавых вельчынь (750 тысяч рублёў).

Як паведаміў Аляксей Сюдак, гэтае рашэнне яны будуць абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі.

Крыжы ў памяць Расціслава Лапіцкага і ўсіх ахвяраў рэпрэсій вілейскія актывісты ўсталявалі 1 верасня. 9 верасня іх асвяціў святар праваслаўнай царквы, а на заўтра крыжы знішчылі прадстаўнікі мясцовай улады. У сувязі з гэтым актывісты апазіцыі 15 верасня у райаддзел міліцыі. Іх заява засталася без адказу, а праз тры дні, 19 верасня, участковы міліцыянт Мікалай Мячкоў склаў на заяўнікаў адміністрацыйныя пратаколы за быццам несанкцыянаваны мітынг.

Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 9 верасня 1928 года ў сям’і праваслаўнага святара ў Вілейскім раёне ў вёсцы Касута. Расстраляны 28 кастрычніка 1950 года. У 1948-1949 гадах стварыў ў Смаргоньскім і Мядзельскім раёнах з моладзі антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю, якая выдавала антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Хуткім часам яна была выкрыта, яе сябры, у тым ліку непаўнагадовыя, атрымалі розныя тэрміны лагераў. Расціслаў Лапіцкі, як галоўны арганізатар, быў прысуджаны да смяротнага пакарання.

Апошнія навіны