BE RU EN

Фінберг: З-за крызісу артыстам забаранілі праводзіць юбілейныя канцэрты

  • 23.10.2009, 14:54

Кіраўнік Канцэртнага аркестра Міхаіл Фінберг паскардзіўся, як нялёгка жывецца беларускім артыстам у час эканамічнага крызісу.

26 кастрычніка ў Вялікай залі філармоніі адбудзецца канцэрт Нацыянальнага канцэртнага аркестра па творах народнага артыста СССР кампазітара Яўгена Глебава, паведамляе «Народная Воля». Кіраўнік Канцэртнага аркестра Міхаіл Фінберг распавёў, чаму, магчыма, гэта будзе апошні такі канцэрт у філармоніі, і што рабіць, калі юбілеі пад забаронай.

Міхаіл Фінберг прызнаўся, што яму асабліва прыемна казаць пра гэты канцэрт, бо ён быў асабіста знаёмы з Яўгенам Глебавым.

«Каля 30 гадоў мы блізка сябравалі, - распавёў Фінберг. – У шматлікіх творах апошняя кропка ставілася пры мне. Так што я ведаю, з якой творчай прагнасцю працаваў гэты чалавек. І таму самае галоўнае ў канцэрце – супадзенне напісанага высокапрафесійным чалавекам і такога ж высокапрафесійнага выканання. Хочацца, каб наш канцэрт стаў сапраўдным падарункам выдатнаму кампазітару ў той год, калі яму споўнілася б 80 гадоў…»

Аднак назваць канцэрт прысвечаным юбілею Яўгена Глебава, як высветлілася, нельга.

«Натуральна, праводзіцца ён да 80-годддзя кампазітара, - не ўдаючыся ў падрабязнасці, туманна патлумачыў Фінберг. – Але ёсць пастанова, згодна з якой мы не можам адзначаць юбілеі – у сувязі з тым, што ў нас у краіне крызіс. Таму назвалі канцэрт проста «па творах».

Паводле Фінберга, арганізаваць канцэрт сёння няпроста.

«Бо каб прыйсці ў філармонію і зладзіць канцэрт, мы мусім аплаціць не толькі арэнду, але і камунальныя паслугі, - распавёў Фінберг. – А ў нас няма такіх грошай. Так што гэты канцэрт можа быць нашым апошнім у будынку філармоніі».

Апошнія навіны