Чэхія пагадзілася ўдзельнічаць у новай амерыканскай СРА
- 23.10.2009, 15:51
Апроч Чэхіі, у праекце новай канфігурацыі амерыканскай супрацьракетнай абароны раней пагадзіліся ўдзельнічаць Польшча і Украіна.
Пра згоду Чэхіі ўдзельнічаць у новай амерыканскай СРА ў пятніцу заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн, які знаходзіцца з візітам у Празе. Звяртаючыся да Байдэна, прэм’ер-міністр Чэхіі Ян Фішэр заявіў, што Чэхія «гатова ўдзельнічаць» у праграме.
Як перадае NEWSru.com са спасылкай на «Інтэрфакс», амерыканскі палітык прывітаў заяву кіраўніка чэшскага ўрада.
«Я вітаю заяву прэм’ер-міністра (Чэхіі), згодна з якой Чэшская Рэспубліка выказвае гатоўнасць да ўдзелу ў гэтай новай архітэктуры», - заявіў Байдэн на сумеснай прэс-канферэнцыі.
Паводле Байдэна, у лістападзе ў Прагу прыбудзе група экспертаў, якія займуцца ўзгадненнем дэталяў.
Новая сістэма, якую прадставіла адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Барака Абамы 17 верасня, скіравана на супрацьдзеянне ракетам малой і сярэдняй далёкасці.
Раней на гэтым тыдні праект атрымаў ухвалу Польшчы і Румыніі. Адзначым таксама, што задзейнічаць свае радарныя ўстаноўкі ў будучай сістэме СРА ЗША разлічваюць і ва Украіне. Зацікаўленасць у размяшчэнні ў сябе амерыканскіх супрацьракетных баз выказвала і Грузія.
Нагадаем, 17 верасня прэзідэнт Барак Абама абвесціў пра перагляд Вашынгтонам сваіх падыходаў да размяшчэння элементаў сістэмы СРА ў Еўропе, маючы на ўвазе трэці пазыцыйны супрацьракетны блок, які планаваўся ў Польшчы і Чэхіі, супраць чаго выступала Расея. Назіральнікі расцанілі гэты крок амерыканскай адміністрацыі як спробу заключыць здзелку з Крамлём, у прыватнасці разлічваючы на ўхвалу больш жорсткіх санкцый супраць Ірана. Пазней, аднак паведамлялася, што ЗША тым не менш не плануе адмаўляцца ад СРА канчаткова.