BE RU EN

Апазіцыянерку пакаралі буйным штрафам за распаўсюд бюлетэня

  • 30.10.2009, 10:26

Кіраўнічку раённай арганізацыі Партыі камуністаў беларускай Святлану Міхальчанку пакаралі штрафам на 1 мільён 225 тысяч рублёў.

Такое рашэнне 29 кастрычніка вынес суддзя Светлагорскага раённага суда Віталь Вашчылін. Апазіцыянерку абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе 3 верасня партыйнага бюлетэня «Левы марш», перадае «Радые Свабода».

Паводле рашэння суда, «Левы марш» не меў поўных выходных звестак і незаконна распаўсюджваўся адказніцай каля прахаднога завода «Лаўсан» аб'яднання «Хімвалакно». Такую выснову суддзя зрабіў на падставе заблытаных сведчанняў капітана міліцыі Андрэя Саўчанкі і некаторых адказных асобаў хімічнага прадпрыемства.

У справе фігуруе фотаздымак газеты «Таварыш», а таксама нейкія незразумелыя паперы, раскінутыя побач на траве.

Маёр міліцыі Сяргей Братчэня, які сведчыў у судзе непрадузята, заявіў, што гэтае смецце (паперкі побач з газетай) цалкам магло застацца пасля вывазу адыходаў спецмашынай.

Сама Святлана Міхальчанка патлумачыла, што, на самой справе, не распаўсюджвала «Левы марш». Каля прахадной завода яны, разам са жлобінскім камуністам Валерам Рыбчанкам, раздавалі газету «Таварыш», калі да іх падышлі міліцыянты ў цывільным. У С. Міхальчанкі былі канфіскаваныя 26 асобнікаў бюлетэня «Левы марш», якія яна проста мела з сабой. У судзе высветлілася, што аднаго асобніка не хапае. Актывістка мяркуе, што менавіта ён быў выкарыстаны для маніпуляцыяў у судзе.

Святлана Міхальчанка збіраецца абскардзіць прысуд па судовых інстанцыях і ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны