Злучаныя Штаты маюць намер размясціць ва Украіне РЛС
- 9.10.2009, 9:37
Адміністрацыя ЗША назвала Украіну ў якасці магчымай пляцоўкі для размяшчэння радыёлакацыйнай станцыі.
Пра гэта, як паведамляе «Інтэрфакс», заявіў у чацвер журналістам памочнік міністра абароны ЗША па міжнароднай бяспецы Аляксандр Вяршбоў.
Што датычыць Расеі, дык адміністрацыя Абамы працягвае на ўсіх узроўнях падкрэсліваць сваю зацікаўленасць у супрацоўніцтве з ёй у галіне СРА. У гэтай сувязі Вяршбоў заўважыў, што ЗША спадзяюцца на выкананне папярэдніх дамоўленасцяў, у прыватнасці, датычных стварэння «Цэнтра па абмене дадзенымі» у Маскве. Як раней неаднаразова зазначаў амерыканскі бок, высілкі па стварэнні такога цэнтра застапарыліся з-за рознагалоссяў па пытаннях падаткаў і юрыдычнай адказнасці.
Вяршбоў заўважыў, што першапачаткова ў Маскве назіралася «эйфарыя» з нагоды рашэння адміністрацыі Абамы адмовіцца ад планаў размяшчэння супрацьракетаў у Польшчы і радара СРА ў Чэхіі. Аднак, паводле ім словаў, расейскія афіцыйныя асобы ўсвядомілі, што новы план прадугледжвае разгортванне ля іх межаў яшчэ большай колькасці ракет і караблёў, абсталяваных зенітна-ракетнымі комплексамі «Іджыс». «Я думаю, што эйфарыя праходзіць», - дадаў ён.