КДБ не хоча вяртаць скрадзенае (Фота)
- 9.10.2009, 12:14
Сёння спаўняецца два гады з моманту незаконнай канфіскацыі маёмасці актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава.
Увесь гэты час дэмакратычны актывіст безвынікова патрабуе вярнуць сваю маёмасць, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
9 кастрычніка 2007 года, напярэдадні «Еўрапейскага Марша», супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным уварваліся ў кватэру актывіста апазіцыі Аляксандра Атрошчанкава на другім паверсе (!) праз акно, правялі незаконны ператрус і арыштавалі яго.
Супрацоўнікі МУС тады заявілі, што ім нібыта было ананімнае тэлефанаванне аб тым, што ў кватэры знаходзіцца труп. Але як толькі міліцыянты патрапілі ў кватэру, перш за ўсё яны зацікавіліся кампутарамі.
З кватэры была канфіскавая аргтэхніка, у тым ліку ноўтбук, сістэмны блок стацыянарнага кампутара, інфармацыйныя матэрыялы пра Еўрапейскі Звяз, сцягі ЕЗ і беларускі нацыянальны герб «Пагоня». Ніякага дакумента, які б пацвярджаў канфіскацыю, ці нават спісу канфіскаваных рэчаў Атрошчанкаву не выдалі. Пры ператрусе, які працягваўся тры гадзіны, супрацоўнікі міліцыі перавярнулі ў доме ўсё «дагары нагамі». Была парэзаная абіўка канапы, зламаная газавая пліта. У кватэру не ўпусцілі жонку Аляксандра Атрошчанкава. Жонцы апазіцыянера таксама не дазволілі перадаць мужу цёплыя рэчы з сабой у турму.
На наступны дзень пасля ператрусу актывіста асудзілі на 10 сутак арышту. Міліцыянты Курыльчук і Сушченя, якія незаконна ўварваліся ў кватэру, «сведчылі», што затрыманы нібы «нецэнзурна лаяўся».
За два гады, якія прайшлі з таго моманту, Аляксандр Атрошчанкаў змог толькі высветліць, што яго рэчы былі канфіскаваныя як тыя, што «як меркавалася, ўтрымлівалі заклік да звяржэння ўлады», і знаходзяцца ва Упраўленні КДБ па Менску і Менскай вобласці. Над тым, якім чынам, напрыклад, сцяг Еўрапейскага Звяза, герб «Пагоня» ці, скажам, пусты заплечнік, могуць заклікаць да звяржэння ўлады, КДБ думае ўжо два гады.
За гэты час Атрошчанкаў падаваў скаргі ў Цэнтральны РУУС горада Менска, Пракуратуру Цэнтральнага раёна, Пракуратуру горада Менска, але так і не атрымаў адказ, на падставе якіх нормаў заканадаўства рэчы былі канфіскаваныя і чаму яны да гэтага часу не вернутыя.
А пасля таго, як у чэрвені 2008 года Атрошчанкаў падаў скаргу ва Упраўленне КДБ па Менску і Менскай вобласці, яму патэлефанавалі адтуль і прапанавалі заехаць за рэчамі, але калі ён прыйшоў, яго зноў арыштавалі і прысудзілі да 15 сутак арышту «за непавага да суду». Дарэчы, адказ на тую скаргу не атрыманы дагэтуль. Як і адказ на апошнюю скаргу, адпраўленую ў пракуратуру горада Менска яшчэ ў канцы вясны бягучага года.
Жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар'я Корсак у адказ на сваю скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі сама атрымала папярэджанне:
«Падобныя галаслоўныя абвінавачванні ў адрас супрацоўнікаў міліцыі з Вашага боку з'яўляюцца не толькі абуральнымі, але і супрацьпраўнымі, у сувязі з чым, кіраўніцтва ўпраўлення ўнутраных справаў адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Менска афіцыйна папярэджвае Вас аб адказнасці па артыкуле 9.2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях», -- напісаў у адказе на скаргу начальнік Цэнтральнага РУУС В.А. Сінякоў.
«Па сутнасці, я сутыкнуўся з арганізаванай злачыннай групоўкай: міліцыя незаконна ўрываецца ў маю кватэру, псуе маёмасць, адкрыта скрадае мае рэчы і перадае іх у КДБ. Пры гэтым суд саджае мяне ў турму па абсурдных абвінавачваннях, абапіраючыся на паказанні саміх рабаўнікоў, а пракуратура апраўдвае гэтыя дзеянні, заяўляючы, што ўсё гэта адбываецца ў адпаведнасці з законам, толькі не можа сказаць, у адпаведнасці з якім. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык гэтае звычайнае рабаўніцтва, і тое, што бандыты – супрацоўнікі сілавых структураў, сутнасці не змяняе», -- сказаў Аляксандр Атрошчанкаў.








