У Беларусь прыехала дэлегацыя в’етнамскіх вайскоўцаў
- 10.11.2009, 10:11
9-12 лістапада ў Беларусі з візітам знаходзіцца дэлегацыя Ваенна-палітычнай акадэміі В’етнамскага Народнага Войска.
Як паведаміла БелаПАН прэс-служба Мінабароны Беларусі, падчас візіту члены дэлегацыі азнаёмяцца з сістэмай падрыхтоўкі кадраў і арганізацыяй ідэалагічнай працы ў беларускіх Узброеных сілах, вывучаць досвед працы ваенных сродкаў масавай інфармацыі, наведаюць Ваенную акадэмію і 120-ю гвардзейскую асобную механізаваную брыгаду.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, у жніўні гэтага года Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар В'етнама Данг Хыу Чан заявіў на прэс- канферэнцыі ў Менску, што В'етнам набывае зброю ў Беларусі.
«Тут няма ніякіх сакрэтаў. Мы купляем у вас ваенную тэхніку. У прыватнасці, танкі, запчасткі для ваеннага транспарта, а таксама абсталяванне для радыёлакацыйных комплексаў», - адзначыў амбасадар.
Ён адзначыў, што падчас апошняга візіту міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава ў В'етнам было падпісана пагадненне аб падрыхтоўцы в'етнамскіх афіцэраў у вышэйшых ваенных адукацыйных установах Беларусі.
Амбасадар нагадаў, што на ўзроўні міністэрстваў абароны В'етнама і Беларусі падпісана пагадненне аб падрыхтоўцы кадраў у сферы высокіх тэхналогій.