За дабрачынныя абеды ў Беларусі арыштоўваюць
- 10.11.2009, 12:50
У Берасці затрыманыя маладыя людзі, якія зладзілі дабрачынны абед бяздомным.
У нядзелю берасцейскія міліцыянты затрымалі Аляксандра Казлянку і яго дзяўчыну. Маладыя людзі каля царквы раздавалі ў пластыкавых талерках кашу з мясам, паведамляе «Еўрарадыё».
У Аляксандра Казлянкі забралі пашпарт. На абодвух быў складзены пратакол. Сёння маладыя людзі звярнуліся ў Берасцейскае аддзяленне Беларускага Хельсінкскага камітэта.
«Да маладых людзей падышоў участковы, які не назваўся, адразу перайшоў на «ты». З ім быў чалавек у цывільным. Ён таксама не назваў імя. Таксама задаваў пытанні, камандаваў міліцыянту, што яму трэба рабіць», -- распавёў сябра камітэта Валянцін Лазарэнкаў.
Па словах Валянціна Лазарэнкава, берасейсцкія пацыфісты праводзяць гэтую акцыю на працягу 5 гадоў. У нядзелю яны паспелі пакарміць 15 чалавек. У маладых людзей быў з сабой плакат з малюнкам самалёта, які замест бомбаў скідае людзям еду. На думку супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС, кармленне бяздомных можа разглядацца як несанкцыянаваны пікет.