Прэзідэнцкія выбары ў Малдове зноў не адбыліся
- 10.11.2009, 13:21
Парламент у трэці раз сёлета не змог выбраць прэзідэнта краіны.
Дэпутаты ад камуністычнай партыі пакінулі залу паседжанняў, адмовіўшыся галасаваць за безальтэрнатыўнага кандыдата – кіраўніка дэмакратычнай партыі, экс-спікера парламента Марыяна Лупу, паведамляе РИА Новости.
Без камуністаў правячая ліберальна-дэмакратычная кааліцыя (ліберальная, ліберальна-дэмакратычная, дэмакратычная партыі і альянс «Наша Малдова») выбраць кіраўніка дзяржавы не можа – у аб’яднання 53 дэпутацкія мандаты, у той час як для абрання прэзідэнта патрэбны 61 голас. Апазіцыйная кампартыя прадстаўлена ў парламенце 48 дэпутатамі.
Дзве першыя спробы абраць прэзідэнта – 20 траўня і 3 чэрвеня гэтага года – ажыццявілі камуністы, якія мелі ў парламенце мінулага склікання 60 мандатаў. Але абраць прэзідэнтам тагачаснага прэм’ер-міністра Зінаіду Грэчаную яны не здолелі – не хапіла аднаго голаса, а ўсе астатнія прадстаўленыя ў парламенце партыі ўдзельнічаць у выбарах не сталі.
Зараз, у адпаведнасці з малдаўскім заканадаўствам, праз 30 дзён будзе зроблена трэцяя спроба абрання прэзідэнта. Калі яна скончыцца безвынікова, выконваючы абавязкі кіраўніка дзяржавы, спікер Міхай Гімпу мусіць будзе распусціць парламент і прызначыць датэрміновыя парламенцкія выбары.