Арышты за распаўсюд незалежнай прэсы працягваюцца
- 16.11.2009, 13:48
Затрыманні віцебскага апазіцыянера і распаўсюдніка незалежнай прэсы сталі рэгулярнымі.
Як паведамляе «Радыё Свабода», у Чыгуначны РУУС супрацоўнікі міліцыі забіраюць Барыса Хамайду раз у два-тры дні.
16 лістапада Барыса Хамайду затрымалі каля так званага «Сіняга дома»— дома № 28 па вуліцы Леніна. Сюды ён прыходзіць штодня з панядзелка па пятніцу, раскрывае вялікі бел-чырвона-белы парасон і раскладае на століку газеты ды кнігі.
Апазіцыянера таксама затрымлівалі 11 і 13 лістапада. Паводле словаў Хамайды, міліцыянеры патлумачылі яму прычыны затрымання лаканічна: «Нам далі загад, а мы на службе».
Падчас мінулых затрыманняў ніякіх пратаколаў на апазіцыянера супрацоўнікі міліцыі не складалі, аднак уважліва праглядалі газеты і кнігі, якія ён распаўсюджвае. Барыс Хамайда займаецца распаўсюдам незалежнай прэсы - «Наша Ніва», часопіса «ARCHE» і кніг па гісторыі Беларусі.