Узбекістан нечакана зачыніў мяжу з Казахстанам
- 23.11.2009, 13:45
Закрыццё мяжы адбылося ў аднабаковым парадку без папярэджання, сцвярджаюць у Астане.
«Мы спраўджваем, што мяжа зачынена. Пра матывы гэтага рашэння ў нас інфармацыі няма», - паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстана Ержан Ашыкбаеў на брыфінгу ў Астане ў панядзелак, перадае NEWSru.com.
Паводле яго словаў, ініцыятыва зачынення мяжы сыходзіла не ад казахстанскага бока. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «афіцыйнай інфармацыі ў нас няма, нягледзячы на тое, што быў зроблены адпаведны запыт». У МЗС не здолелі назваць дакладную дату зачынення мяжы, адзначыўшы толькі, што гэта адбылося на мінулым тыдні.
Ашыкбаеў удакладніў, што мяжа не зачынена для грамадзян Казахстана, якія вяртаюцца на радзіму з Узбекістана, і адпаведна для грамадзян Узбекістана, якія вяртаюцца з Казахстана.
Як паведамляе брытанская ВВС, Узбекістан зачыніў мяжу з Казахстанам, матываваўшы гэта карантынам у сувязі з тым, што ў суседняй краіне ёсць выпадкі захворвання на свіны грып. Паводле афіцыйных дадзеных, у Казахстане было зарэгістравана 15 выпадкаў заражэння вірусам А/H1N1, ні воднага смяротнага выпадку там пакуль не зафіксавана.
Аднак супрацоўнік казахстанскай памежнай службы, які даў інтэрв’ю ВВС на ўмовах ананімнасці, лічыць, што межы зачынены зусім не з прычыны свінога грыпу. «Хутка ва Узбекістане пачнуцца парламенцкія выбары, і каб насельніцтва краіны не ехала на падставе свінога грыпу, мяжу зачынілі», - мяркуе памежнік.
Паводле яго словаў, «тых, хто вяртаецца, ва Узбекістан пускаюць, а вось выйсці назад ужо немагчыма. Але гэта не тычыцца аэрапортаў». Жыхары памежных раёнаў кажуць, што не ведаюць, чаму зачынена мяжа, а пра карантын нідзе не напісана.
Прадстаўнікі памежнай службы суседніх Кыргызстана і Таджыкістана паведамілі, што яны працуюць у ранейшым рэжыме, і іх межы з Узбекістанам адчынены.