Прадпрыемствы беларускага ВПК на мяжы разарэння
- 24.11.2009, 8:51
Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт (ДВПК) чакае сур'ёзнай падтрымкі для шэрагу прадпрыемстваў.
Толькі з дапамогай дзяржаўных ільготаў і субсідыяў абаронка можа не пайсці па судах, не збанкрутавацца і выканаць заключаныя дамовы, піша «Ежедневник».
Так, прапаноўваецца перанесці тэрміны пагашэння ВРУП «МЗКТ» бюджэтнай пазыкі (6 млрд рублёў) з бягучага года на 1-е паўгоддзе наступнага. Адначасова ДВПК і МЗКТ спадзяюцца, што менскі завод атрымае для рэалізацыі сваіх кантрактных абавязальніцтваў дадатковую бюджэтную пазыку на яшчэ 20 млрд рублёў.
Ва УП «2566 завод па рамонце радыёэлектроннага абсталявання» і УП «СКБ «Камертон» – іншыя праблемы. На іх з падачы Мінабароны накладзеная пеня за несваечасовае выкананне абавязальнітваў у межах дзяржзамовы. Цяпер першы з іх спрабуе пазбавіцца ад 12,68 млрд рублёў пені, другі ад – 820 млн рублёў.
У УП «МЭМЗ» праблема з выплатай запазычанасці ў інавацыйны фонд ДВПК – гэта каля 2 млрд рублёў, а таксама 350 млн рублёў пені, налічанай за гэтае парушэнне Камітэтам дзяржаўнага кантролю.
ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод» неабходныя сродкі для своечасовага выканання заключаных раней кантрактаў. Для закупкі запчастак авіярамонтнікам зараз патрабуецца 21,8 млн даляраў, якія яны хочуць атрымацца ў выглядзе бюджэтнай пазыкі.
Нарэшце, доследны завод «Нёман», які ДВПК няўдала спрабаваў сёлета «збыць» у склад МАЗа, разлічвае атрымаць ад дзяржавы 3,5 млрд рублёў на папаўненне абаротных сродкаў. У гэтым выпадку канкрэтная дапамога будзе складацца з адтэрміноўкі на 3 гады вяртання запазычанасці і растэрміноўкі па яе пагашэнні.