Беларуская «Пагоня» у Кангрэсе ЗША
- 24.11.2009, 9:13
У Кангрэсе ЗША у Вашынгтоне 23 лістапада адкрылася выстава, на якой прэзэнтаваныя працы чальцоў аб'яднання «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў.
Пра гэта паведаміў БелаПАН арганізатар выставы, мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін.
Паводле яго інфармацыі, на выставе, якая будзе працаваць да 25 снежня, дэманструецца каля 40 палотнаў і графічных аркушаў 11 беларускіх мастакоў, якія жывуць у Беларусі і ЗША: Алеся Пушкіна, Алеся Шатэрніка, Аляксея Марачкіна, Ягора Баталлёнка, Генадзя Драздова, Міколы Купавы, Юліі Шатэрнік, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча, Алены Тылькінай і Сяргея Ардэна. Сярод працаў — пейзажы і сюжэтныя карціны, якія выяўляюць Беларусь і яе гісторыка-культурную спадчыну, у тым ліку палатно Марачкіна «Каін і Авель», прысвечанае народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну.
Арганізатарамі экспазіцыі выступілі Кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША, супольнасць «Трэці шлях» і Беларускі музей у Нью-Ёрку сумесна з Фондам Джорджа Маршала і Хельсінкскай камісіяй Кангрэса ЗША.
Як адзначыў Марачкан, у сакавіку мінулага года ў Беларускім музеі ў Нью-Ёрку ён прэзэнтаваў сваю персанальную выставу. Групавая экспазіцыя мастакоў «Пагоні» — «Мастацтва супраць дыктатуры» — дэманстравалася ў Доме Маршала, названым у гонар дзяржсакратара ЗША, які ў 1947 годзе прапанаваў праграму аднаўлення і развіцця Еўропы пасля Другой сусветнай вайны шляхам давання ёй амерыканскай эканамічнай дапамогі. Сярод працаў, якія экспанаваліся на ёй, — нонканфармісцкія палотны Марачкіна «Сцяна», «Руская частушка» і «Пуня». Зараз выстава «Мастацтва супраць дыктатуры» дэманструецца ў Осла.