«The Times»: Чавес мацуе сувязі з праціўнікамі ЗША – ад Кастры да Лукашэнкі
- 24.11.2009, 13:31
Венесуэльскі лідэр Уга Чавес абараняе рознага кшталту злодзеяў, сцвярджае ўплывовая брытанская газета «The Times».
Напрыклад, у пятніцу ён назваў венесуэльскага тэрарыста Ілліча Рамірэса Санчэса, больш вядомага як «Карлас» і «Шакал», незаконна асуджаным барацьбітом за правы палестынцаў, адзначае карэспандэнт Хана Стрэндж. Гэтая заява прагучала на з'ездзе сябраў сацыялістычных партыяў з 40 краінаў.
Рамірэс Санчэс у 1997 годзе быў прысуджаны ў Францыі да пажыццёвага зняволення за забойства двух супрацоўнікаў французскіх спецслужбаў і меркаванага інфарматара. Рамірэса таксама лічаць арганізатарам забойства ізраільскіх спартоўцаў на Мюнхенскай алімпіядзе 1972 года, нагадвае газета. Чавес не прызнае Рамірэса тэрарыстам.
Ён таксама асыпае пахваламі прэзідэнта Ірана Ахмадзінежада, які на гэтым тыдні наведае Венесуэлу, і лідэра Зімбабвэ Роберта Мугабэ. Чавес мацуе сувязі з праціўнікамі ЗША па ўсім свеце - ад Фідэля Кастры да прэзідэнта Судану Амара аль-Башыра, якога міжнародная супольнасць хоча пасадзіць на лаву падсудных за генацыд у Дарфуры. Акрамя таго, Чавес падтрымлівае кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам і заключыў ваенны саюз з Масквой, адзначаецца ў артыкуле The Times.