Анатоль Буяльскі: «На нас зноў накінутая пятля»
- 26.11.2009, 9:03
Трэнер жаночай зборнай Беларусі па баскетболе пракаментаваў вынікі жараб'ёўкі чэмпіянату свету-2010.
«Нам дасталася вельмі складаная група. Як кажуць, «пятля» зноў накінутая на нашыя шыі. У гэтым сэнсе можна па-добраму пазайздросціць зборнай Расеі, якой дастаўся значна больш прымальны варыянт. Ну, нічога, будзем ваяваць», - заявіў Анатоль Буяльскі ў інтэрв'ю «Прэсболу».
Беларускі патрапілі ў групу «А». Іх суперніцамі будуць баскетбалісткі Аўстраліі, Кітая і Канады. Жараб'ёўка прайшла напярэдадні ў Чэхіі ў цэнтральным гатэлі Карлавых Вараў «Grand Hotel».
«Аўстралія, вядома, відавочны фаварыт квартэта, а вось камандам Кітая і Канады, лічу, мы не саступаем. Думаю, калі ў нас атрымаецца прабіцца ў другі этап чэмпіянату — а менавіта гэтая мэта будзе мінімальнай для зборнай Беларусі, дык далей будзе нават лягчэй, -- пракаментаваў сітуацыю, якая склалася, Буяльскі. - А ўвогуле, на вынікі жараб'ёўкі трэба глядзець па-філасофску: чаму быць — таго не абмінуць. На чэмпіянаце свету слабых супернікаў не бывае».