Расейскія памежнікі застрэлілі ўкраінца, які прарываўся з кантрабандай на радзіму
- 26.11.2009, 13:45
Вайскоўцы Памежных войскаў ФСБ РФ застрэлілі грамадзяніна Украіны пры спробе незаконна перасекчы расейска-украінскую мяжу.
Паводле аператыўнай інфармацыі, загінулы спрабаваў незаконна перавезці ва Украіну запчасткі да лодак. Расейскія памежнікі паведамілі сваім украінскім калегам пра тое, што здарылася, паведамляе NEWSru.com.
Як паведамілі ва ўкраінскіх праваахоўных органах, інцыдэнт адбыўся ў ноч на чацвер у 5 метрах ад дзяржаўнай мяжы з Украінай. Парушальнік на белым аўтамабілі «Ніва» з прычэпам спрабаваў незаконна, у абыход прапускнога пункта, перасекчы расейска-украінскую мяжу і такім чынам патрапіць у Харкаўскую вобласць.
Расейскія памежнікі зрабілі папераджальны стрэл, аднак парушальнік на патрабаванне спыніцца не адрэагаваў. У выніку памежнікі стрэлілі яшчэ і ранілі мужчыну ў шыю, ад чаго той памёр.
Загінулым апынуўся жыхар аднаго з памежных украінскіх раёнаў. Ён ужо апазнаны бацькамі. Мяркуючы па знойдзеных дакументах, «Ніва» належыць грамадзяніну Украіны Аляксандру Галкіну, які жыў у Харкаўскай вобласці.
Расейскі бок праінфармаваў пра тое, што здарылася, ўкраінскіх памежнікаў, Міністэрства ўнутраных спраў, Службу бяспекі Украіны, а таксама органы пракуратуры.
Як паведамляе «Эхо Москвы», на тое, што адбылося, ужо адрэагавалі ва ўкраінскай амбасадзе ў Маскве. Яе прэс-сакратар Алег Валошын у інтэрв'ю радыёстанцыі адзначыў, што інцыдэнт на расейска-украінскай мяжы ўносіць дадатковае напружанне ў адносіны паміж Расеяй і Украінай. І хоць памежнікі «дзейнічалі ў рамках закона», ён дадаў, што гэта ўжо не першы падобны выпадак. Паводле дыпламата, расейскі бок «даволі часта ўжывае зброю» - як для папярэджання парушальнікаў, так і «вядзення агня на паражэнне».