BE RU EN

Андрэй Бастунец: «Сітуацыя ў СМІ як была дрэнная, такой і застаецца»

  • 26.11.2009, 14:23

Медыя-эксперты канстатуюць, што сітуацыі з СМІ у Беларусі па-ранейшаму залежыць не ад закона, а ад палітычных дзеянняў з боку ўлады.

Днямі незалежная журналістка з Бярозы Тамара Шчапёткіна атрымала позву з запрашэннем з’явіцца 25 лістапада на «размову» у раённую пракуратуру. Калі Тамара Шчапёткіна патэлефанавала ў ведамства і пацікавілася, да якой размовы ёй рыхтавацца, пракурорскі супрацоўнік проста адказаў: незаконная журналісцкая дзейнасць.

У той жа час журналістка Ірына Халіп заявіла сайту charter97.org, што цягам апошніх некалькіх дзён на яе электронную пошту прыйшлі лісты пагрозлівага характара. А 24 лістапада ўвечары па тэлефоне ёй патэлефанаваў невядомы, які «параіў» Ірыне Халіп сцішыць журналісцкі пыл і не выходзіць з дома. Перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра тое, што той ці іншай газеце адмовілі ў рэгістрацыі.

Што ж адбываецца з беларускімі СМІ, свабодай слова і правам на журналісцкую прафесію, Euramost.org даведаўся ў намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыста Андрэя Бастунца.

- Што, на ваш погляд адбываецца: журналісты ў пошуках сенсацый нагнятаюць абстаноўку ці штосьці не тое адбываецца з беларускай журналістыкай?

- Пасля тых паказальных крокаў пра лібералізацыю ў сферы СМІ, якія былі зроблены дзяржавай летась і цягам некалькіх месяцаў гэтага года, сітуацыя засталася на «мёртвай кропцы». А зараз, хутчэй, пачала адкочвацца ў адваротным накірунку. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова ўзгадаць пра тое, як перашкаджалі працы журналістаў падчас акцый апазіцыі ў верасні-кастрычніку гэтага года. Не зарэгістравана 6 выданняў. Два з іх адмову ў рэгістрацыі атрымалі двойчы. Вынесеныя 4 папярэджанні 4-м выданням. У той жа час — магчыма пра гэта і рана казаць — але, магчыма, нейкія крокі наперад яшчэ будуць. Таму, сітуацыя неадназначная. Тое, што яна напружаная, што ўмовы працы беларускіх журналістаў і беларускіх СМІ не адпавядаюць міжнародным стандартам, гэта дакладна на сто адсоткаў. Але крок за крокам магчымы рух наперад.

— Якія рэальныя крокі наперад вы можаце прадказаць хоць бы на 50 адсоткаў верагоднасці?

— Я прадказваю, што ў самы найбліжэйшы час тры рэгіянальныя СМІ вернуцца ў сетку распаўсюду. Не самыя уплывовыя, не з самымі вялікімі тыражамі, але – вярнуцца.

— У вас ёсць прычыны лічыць, што гэтае пытанне вырашыцца станоўча?

— Так, ёсць інфармацыя, якая дае падставу на гэта спадзявацца.

— Як вы лічыце – ці не губляюцца гэтыя «крокі наперад» на фоне астатніх, не вельмі прыемных вестак з жыцця беларускай журналістыкі?

— Гэта тая рэальнасць, у якой мы існуем. Але самае галоўнае – мы бачым, што сітуацыя з СМІ залежыць не ад закона, а ад нейкіх палітычных дзеянняў з боку ўлады.

Апошнія навіны