Маці загінулага актывіста БНФ Валянціна Доўнара: «Пасля збіцця сына абрабавалі»
- 29.11.2009, 17:49
Смерць Валянціна Доўнара выклікае шмат пытанняў.
28 лістапада ў Мар'інай Горцы прайшло пахаванне актывіста Партыі БНФ Валянціна Доўнара, знойдзенага з траўмай галавы ў ноч з 20 на 21 лістапада.
Родныя і калегі актывіста, які распаўсюджваў у Мар'інай Горцы незалежную прэсу, заяўляюць, што перад смерцю яго збівалі ці то жалезнымі прутамі, ці то дубінкамі, у выніку чаго адбылося кровазліццё. Міліцыянты сцвярджаюць, што апазіцыянер проста ўпаў і стукнуўся галавой аб тратуарную плітку. Пры гэтым яны заяўляюць, што Доўнар быў у стане алкагольнага ап'янення і ў яго нічога не знікла.
Яго сябры і калегі ня вераць міліцыі. «Ніколі не бачылі яго п'яным. Гэта хлусня і няпраўда. Як можна так паклёпнічаць на чалавека?», -- заявіла адна з калегаў Валянціна Доўнара.
Больш за тое, маці актывіста БНФ сцвярджае, што ў той трагічны дзень яе сын атрымаў зарплату. Яго знайшлі збітым, без грошай, пашпарта, праязнога білета і чужога партфеля, які ён павінен быў камусьці перадаць. Жанчына ўпэўненая, што яе сына забілі.
Прапануем відэа з пахавання, зробленае газетай «Наша Ніва».