Міліцыя забараніла мінакам абдымацца на вуліцы
- 1.12.2009, 11:48
У Гародні на вуліцы Савецкай, не паспеўшы пачацца, скончылася акцыя «Free Hugs» (Бясплатныя абдымкі).
29 лістапада каля дзесяці хлопцаў і дзяўчатаў з плакатамі «Давайце абдымацца» прапаноўвалі мінакам бясплатныя абдымкі, перадае «Еўрарадыё».
Мэта акцыі — выклікаць пазітыўныя эмоцыі. Першай рэакцыяй некаторых гарадзенцаў быў шок, але потым яны абдымаліся і радаваліся.
Не паспелі ўдзельнікі акцыі «Free Hugs» абняць і 20 чалавек, як да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і груба запатрабавалі скончыць мерапрыемства. Прычына — адсутнасць дазволу.
Free Hugs — рух, удзельнікі якога выходзяць на вуліцы і прапаноўваюць незнаёмым людзям абняцца. Заснаваны аўстралійцам Хуанам Манам у 2004 годзе. Міжнародную вядомасць рух набыў у 2006 годзе дзякуючы музычнаму відэакліпу аўстралійскай рок-групы «Sick Puppies», размешчанаму на YouTube.