Аперацыя «эканомія»: Улады заклікалі менчукоў упрыгожыць вокны перад Новым годам
- 1.12.2009, 17:18
Менгарвыканкам заклікае жыхароў сталіцы ўпрыгожыць вокны і гаўбцы сваіх дамоў святочнай ілюмінацыяй.
«Мы б хацелі, каб менчукі больш актыўна прымалі ўдзел у святочным афармленні горада», — адзначыў на прэс-канферэнцыі 1 снежня начальнік упраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Аляксандр Андрончык.
Як адзначае БелаПАН, да 15 снежня павінна быць завершана святочнае ўпрыгожванне горада. У ім прымаюць удзел прадпрыемства «Менскрэклама», «Менгарсвет», іншыя прадпрыемствы горада, адміністрацыі раёнаў. У сталіцы на асноўных пляцоўках будзе ўсталявана дзевяць штучных елак з унутраным падсвятленнем, упрыгожаныя цацкамі і гірляндамі. Найбліжэйшымі днямі будзе завершаны мантаж галоўнай елкі краіны на Кастрычніцкай плошчы. Яе вышыня складзе каля 35 метраў. Гэта будзе металічны каркас, на якім замацуюць штучныя елкавыя галінкі. Упрыгожаць елку ўнутранае зялёнае падсвятленне, гірлянды і цацкі.
Па словах Андрончыка, адбудзецца традыцыйны конкурс на лепшае навагодняе афармленне ў раёнах, а таксама ў малых і вялікіх гандлёвых прадпрыемствах, прадпрыемствах грамадскага харчавання і па аказанні паслуг.