Па Чыжу «ударыў» крызіс
- 18.12.2009, 10:18
Перадыслакацыя 9 вайсковых частак, размешчаных у Менску і ў Менскім раёне, будзе ажыццёўленая на 3 гады пазней.
Гэта звязана з тым, што «Трайпл» не зможа ў абумоўленыя тэрміны ўзвесці новыя ваенныя гарадкі, паведамляе «Ежедневник».
Нагадаем, што паводле ўказу Лукашэнкі №337 ад 2008 года ТАА «Трайпл», якое належыць буйному беларускаму бізнэсмэну Юрыю Чыжу, павінна было на працягу 2009–2015 гадоў ажыццявіць будаўніцтва жылых памяшканняў для беларускіх вайскоўцаў агульнай плошчай 210 тыс. кв. метраў, а таксама аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры да іх.
Прычым першапачаткова абумоўлівалася, што Юры Чыж ажыццявіць будаўніцтва за кошт уласных сродкаў, а затым бязвыплатна перадасць дзяржаве збудаванае жыллё. У якасці кампенсацыі за гэта ТАА «Трайпл» атрымлівала права забудаваць зямельныя ўчасткі, рамешчаныя на тэрыторыі Менска і Менскага раёна, што вызваляцца вайскоўцамі. Агулам пад уласную забудову Юры Чыж атрымліваў 82,23 га ў Менску і 2285,021 га ў Менскам раёне. На пазначаных плошчах ТАА «Трайпл» павінна было на працягу 2008–2022 гадоў ажыццявіць будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю жылых дамоў, уключаючы жылыя дамы падвышанай камфортнасці і тыпавых спажывецкіх якасцяў, агульнай плошчай не менш за 7200 тыс. кв. метраў, а таксама аб'ектаў інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры да іх.
Пагадненне для Юрыя Чыжа атрымлівалася больш чым выгодным, улічваючы, што на момант падпісання ўказу Лукашэнкі жадаючых набыць элітнае жыллё ў Менску ці пасёлку Калодзішчы было больш чым дастаткова. Але крызіс унес карэктывы ў пагадненне буйнога беларускага бізнэсмэна і кіраўніка дзяржавы.
Ужо праз год стала зразумела, што ТАА «Трайпл» не ў стане выканаць узятыя на сябе абавязальніцтвы і за кошт уласных сродкаў рэалізаваць праект. У выніку ў жніўні 2009 года Аляксандр Лукашэнка ўнес змены ў першапачатковыя ўмовы пагаднення, дазволіўшы ТАА «Трайпл» прыцягваць для рэалізацыі праекту пазыковыя сродкі і крэдыты.
Зрэшты, знешніх запазычанняў Юрыю Чыжу ўсё роўна не хапіла, і беларускі кіраўнік вымушаны быў пайсці на істотныя карэктывы тэрмінаў рэалізацыі праекту. Яны не закранулі ўзвядзенне элітнага жылля і таго жылля, якое ТАА «Трайпл» збіраецца выставіць на продаж. Абумоўленыя 7200 тыс. кв. метраў будуць, як і вызначалася раней, збудаваныя на працягу 2008–2022 гадоў. Аднак тэрміны ўзвядзення новых ваенных гарадкоў і палігонаў, каб вайскоўцы маглі пакінуць сталіцу, перанесеныя. Гэтую частку праекту ТАА «Трайпл» рэалізуе на два гады пазней, чым планавалася, у выніку чаго высяленне вайскоўцаў з Менска скончыцца не ў 2013 годзе, а толькі ў 2016-м.
Як атрымалася даведацца, ТАА «Трайпл» плануе ўзводзіць ваенныя аб'екты з тых сродкаў, якія пачнуць паступаць ад рэалізаванага элітнага жылля ў Менску. Гэта значыць аб'екты будуць узводзіцца не ўсе адразу, а па чарзе. Прычым спачатку будуць збудаваныя камерцыйна выгодныя для Юрыя Чыжа аб'екты, а затым за грошы ад іх продажу – усе астатнія. Такім чынам Чыж, як бачым, спадзяецца вырашыць тыя фінансавыя цяжкасці, якія ў яго ўзніклі з рэалізацыяй праекту.