Менскія ўлады паабяцалі аднавіць сцяну Віктара Цоя
- 24.12.2009, 13:01
Актывіст моладзевага руху Андрэй Кім паведаміў, што прыхільнікі спевака Віктара Цоя дамагліся таго, каб сталічныя ўлады аднавілі «сцяну Цоя» ў Менску.
Нагадаем, 4 снежня ў Менгарвыканкам былі накіраваны 1.990 подпісаў менчукоў з патрабаваннем аднавіць «сцяну Цоя». У верасні 2008 года два фрагменты «сцяны Цоя», якія размяшчаліся за будынкам Палаца Рэспублікі ў Менску, былі дэмантаваныя «ў сувязі з будаўніцтвам на яе месцы новага будынка».
Паводле Кіма, апроч подпісаў у Менгарвыканкам было накіравана таксама некалькі сотняў лістоў з патрабаваннем аднавіць «сцяну Цоя». «У панядзелак, 21 снежня, на зварот быў атрыманы адказ з Менгарвыканкама. У ім гаворыцца, што месца для размяшчэння «сцяны Цоя» ўзгоднена, і ўжо дадзена ўказанне адміністрацыі Ленінскага раёна Менска на пэўным месцы аднавіць гэту сцяну», — сказаў Андрэй Кім у інтэрв'ю БелаПАН.
Паводле яго словаў, сцяна будзе размешчана ў цэнтры горада ў скверы на скрыжаванні вуліц Беларускай і Ульянаўскай, недалёка ад стадыёна «Дынама». «Мы самі прапанавалі гэта месца, і яно нам вельмі падыходзіць. Гэта месца лепш за ранейшае», — адзначыў Кім.
Ён спадзяецца, што да наступу новага года «сцяна Цоя» будзе стаяць на новым месцы.
«Сцяна Цоя» – спантана ўзнікшы помнік, які з'явіўся ў Менску ў 1990 годзе пасля смерці лідэра гурта «Кіно» Віктара Цоя. Яна ўяўляла сабою бетонныя пліты, на якіх прыхільнікі музыкі пакідалі графіці і пісалі вершы. Падобныя сцены існуюць у шматлікіх гарадах былога СССР і з'яўляюцца традыцыйным месцам сустрэч творчай моладзі. У Менску такі помнік-клуб першапачаткова размяшчаўся на Кастрычніцкай плошчы побач з Палацам Рэспублікі, які будаваўся ў той час. У сувязі з завяршэннем будаўніцтва ў 1997 годзе большасць пліт вырашана было прыбраць з пляца. Дзве з іх былі перанесены за музей Вялікай Айчыннай Вайны, на вуліцу Інтэрнацыянальную, дзе сцяна прастаяла да верасня 2008 года.