BE RU EN

Скончанае папярэдняе расследаванне справы экс-начальніка ДФР

  • 3.12.2009, 10:46

Начальнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Анатоль Грамовіч пачаў знаёміцца са сваёй крымінальнай справай.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у праваахоўных органах.

«Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Грамовіча скончанае, яму прад'яўленае абвінавачванне, ён пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы», - удакладнілі ў праваахоўных органах.

Па словах суразмоўцаў агенцтва, Грамовічу прад'яўленае абвінавачванне па ч.3 арт. 258 «Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй» Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Па гэтай справе праходзіць больш за 30 абвінавачваных, сярод якіх былыя супрацоўнікі мытных і праваахоўных органаў.

«Ім прад'яўленае абвінавачванне, яны пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы», - паведамілі суразмоўцы агенцтва, патлумачыўшы, што, паводле заканадаўства, абвінавачваны можа знаёміцца з матэрыяламі справы 1 месяц.

Крымінальная справа датычыць эпізодаў незаконнага перасоўвання праз памежны пункт пропуску Заходні Буг буйных партыяў вопраткі і бытавой тэхнікі. Паводле папярэдніх ацэнак, шкода, нанесеная дзяржаве ад нявыплаты падаткаў з увезеных тавараў, складае не менш за Br20 млрд.

Матэрыялы крымінальнай справы датычаць падзеяў 2001 года, калі А.Грамовіч займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Берасцейскай вобласці.

Ён 15 студзеня цяперашняга года быў арыштаваны ў Менску.

Апошнія навіны