Апазіцыянерку аштрафавалі за фотаздымку перформансу
- 4.12.2009, 10:51
Актывістка «Маладой Беларусі» Настасся Машчава пакараная 30 базавымі велічынямі штрафу судом Заводскага раёна Менска.
2 снежня падчас перформансу каля ўнівермага «Беларусь» Настасся Машчава рабіла фотаздымкі. Як паведамляе «Радыё Свабода», у судзе ёй патлумачылі, што яна не мела права фатаграфаваць без акрэдытацыі.
Моладзевая актывістка абураная прысудам і лічыць, што такім чынам можна прыцягваць да адказнасці любога чалавека з фотакамерай у руках.
Нагадаем, што за ўдзел у акцыі 2 снежня моладзевых актывістаў Паўла Пракаповіча і Ягора Баброва прысудзілі да 15 сутак арышту, а Андрэя Кузьмінскага – да 7.
Актывістаў «Маладой Беларусі» затрымалі 2 снежня падчас правядзення ў Менску перфоманса каля ўнівермага «Беларусь». Маладыя людзі ўсталявалі стэнд з намаляваным вусатым чалавекам. Пад карыкатурай было напісана: «Не любіш рэжым – кінь у мяне». Побач са стэндам моладзевыя актывісты паставілі скрыню з яйкамі. Знайшліся жадаючыя і некалькі яйкаў паляцелі ў стэнд.
Неўзабаве ўдзельнікаў акцыі затрымалі. На ўсіх затрыманых актывістаў «Маладой Беларусі» склалі пратаколы, абвінаваціўшы іх ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Ноч апазіцыянеры правялі ў менскай турме на вуліцы Акрэсціна.