Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» патрабуе расследваць яго выкраданне
- 4.12.2009, 14:37
Уладзімір Лемеш падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёна горада Менска з патрабаваннем правесці пракурорскую праверку з нагоды яго выкрадання супрацоўнікамі міліцыі 27 лістапада.
Актывіст грамадзянскай «Еўрапейская Беларусь» патрабуе высветліць імёны асобаў, якія вінаватыя ў яго выкраданні, і пакараць іх згодна з законам, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
«У законе не прадугледжаныя такія дзеянні як выкраданне чалавека і гавлтоўны вываз яго ў невядомым накірунку. І нават, калі гэта робяць супрацоўнікі міліцыі, то гэта бандытызм. Я лічу, што супрацоўнікі міліцыі такімі дзеяннямі парушылі маё права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Я буду змагацца за тое, каб у Беларусі выконваліся правы чалавека, і калі мяне не задаволіць адказ з пракуратуры, буду адстойваць свае правы ў судзе і ў камітэце ААН па правах чалавека», -- сказаў Уладзімір Лемеш.
Нагадаем, што ўвечары 27 лістапада Уладзімр Лемеш быў захоплены ў цэнтры Менска невядомымі і сілай вывезены за горад на аўтамабілі без нумарных знакаў.
Апазіцыянера затрымалі напярэдадні акцыі ў гонар гадавіны Слуцкага паўстання каля рэдакцыі газеты «Вечерний Минск» на праспекце Незалежнасці два супрацоўнікі міліцыі і патрабавалі паказаць дакументы. У яго адабралі пашпарт і мабільныя тэлефоны і запіхалі ў мікрааўтобус «Фальксваген» блакітнага колера з завешанымі вокнамі.
Моладзевага актывіста вывезлі за горад, пасля чаго адпусцілі, прыгразіўшы, каб ён не займаўся палітычнай дзейнасцю.