BE RU EN

Прафсаюзам забаранілі пікет на Бангалор

  • 7.12.2009, 9:55

Менскі гарвыканкам адмовіў Беларускаму прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці ў правядзенні пікету на плошчы Бангалор у Менску 10 снежня.

Пра гэта «Беларускаму партызану» паведаміў заяўнік пікету актывіст РЭП Мікалай Герасіменка.

Мікалай Герасіменка падаваў заяўку на правядзенне пікету на плошчы Бангалор з 15.30 да 18 гадзінаў 10 снежня. 10 снежня, як вядома, увесь свет адзначае ўгодкі прыняцця Сусветнай Дэкларацыі правоў чалавека. Мікалай Герасіменка хацеў арганізаваць пікет у абарону правоў працаўнікоў, абумовіўшы асобна ў заяўцы, што арганізатар бярэцца прыбраць недакуркі, запрасіць хуткую дапамогу і гэтак далей.

3 снежня Мікалай Герасіменка атрымаў з Менскага гарвыканкама ліст за подпісам загадчыцы аддзела лістоў М.Макоўскай з апавяшчэннем, што «Ваш зварот накіраваны ў ідэалагічнае ўпраўленне Менгарвыканкама…».

5 снежня Мікалай Герасіменка атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні Менскага гарвыканкама Міхаіла Ціценкова. Чыноўнік адмовіў Герасіменку ў правядзенні пікету з той прычыны, што акцыя нібыта будзе перашкаджаць транспартнаму руху ў раёне вуліцы Арлоўскай.

«15 актывістаў перашкодзяць транспартнаму руху? Дакуль можна трываць гэты здзек? Менскі гарвыканкам сам вызначыў гэтае месца - месца выгула сабакаў - для правядзення акцыяў апазіцыі, і цяпер ужо забараняе пікет і тут. Буду звяртацца ў Менскі гарсуд, калі прыйдзецца - і ў Вярхоўны суд», - паведаміў Мікалай Герасіменка.

Апошнія навіны