BE RU EN

Стыхійны мітынг за ўзнаўленне «Сцяны Цоя» прайшоў у Менску (Фота)

  • 7.12.2009, 16:54

6 снежня 150 маладых людзей сабраліся ў цэнтры Менска, каб ушанаваць памяць Віктара Цоя і выказаць пратэст бюракратызму ўлад, якія зацягваюць вырашэнне пытання са Сцяной яго памяці.

Пасля прагляду фільма «Ігла», які праходзіў у адным з сталічных кінатэатраў, фанаты музыкі стыхійна крочылі да месца, дзе раней стаяла «Сцяна Цоя».

На месцы былога помніка сабраліся больш за 150 чалавек. Кароткай прамовай яны нагадалі пра надыходзячые 20-годдзе з дня смерці Віктара Цоя, і ўшанавалі памяць Валянціны Васільеўны Цой — маці музыкі, якая нядаўна пайшла з жыцця. У знак жалобы на дрэвах і агароджы былі развешаныя сотні чорных стужачак.

Таксама тыя, хто сабраўся, выказалі абурэнне цяганінай, якая вось ужо больш за 400 дзён суправаджае працэс «пераносу» Сцяны з аднаго месцы на іншае.

«Сцяна можа быць перанесеная за адзін дзень, а доўжыцца гэта ўжо больш за год. Чым там занятыя чыноўнікі?»,- задаваліся пытаннем прысутныя.

Маладыя людзі заявілі, што будуць дамагацца ўзнаўленні Сцяны Цоя ўсімі даступнымі метадамі.

Нагадаем, што нядаўна ў Менгарвыканкам былі пададзеныя 1990 подпісаў за ўзнаўленне народнага мемарыяла. «Сцяна Цоя» – спантана ўзніклы помнік творчасці музыкі, які з'явіўся ў Менску ў 1990 годзе пасля смерці лідэра гурта «Кіно» Віктара Цоя. Народны мемарыял быў знесены ў верасні 2008 года з-за будаўніцтва гасцініцы.

Сцяна ўяўляла сабой бетонныя пліты, на якіх прыхільнікі музыкі пакідалі графіці і пісалі вершы. Падобныя памятныя Сцены існуюць у шматлікіх гарадах былога СССР і з'яўляюцца традыцыйным месцам сустрэч творчай моладзі.

Апошнія навіны