BE RU EN

Уладзімір Букоўскі: «Лукашэнка разумее, што яго рэжым нестабільны»

  • 8.12.2009, 9:45

Сітуацыю з выкраданнем моладзевых палітычных актывістаў у Беларусі пракаментаваў легендарны савецкі дысідэнт Уладзімір Букоўскі.

– Рэпрэсіўныя рэжымы пачынаюць ужываць дзіўныя метады, калі хочуць палепшыць свой замежны імідж, -- заявіў Уладзімір Букоўскі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода». -- Мне здаецца, што ў Лукашэнкі зараз такая праблема. Ён, з аднаго боку, гуляе з Захадам і не хоча больш з ім сварыцца, хоча нейкага балансу паміж Масквой і Захадам. А з іншага боку, ён разумее, што яго рэжым нестабільны, і калі ён не будзе запалохваць апазіцыянераў, дык доўга гэты рэжым не пратрымаецца. Дакладна такая ж сітуацыя была напачатку 60-х гадоў у СССР, калі Крэмль вынайшаў карную псіхіятрыю. Былі такія метады і напачатку 70-х, калі быў так званы дэтант з Захадам. Яны знаходзяць нешта такое, што б дазволіла ім, на іх погляд, вырашыць гэтую задачу.

Для мяне няма ніякага сумневу, што гэта робіцца па загадзе беларускага кіраўніцтва. Такія рэчы самі па сабе не адбываюцца, і прыватным асобам няма неабходнасці запалохваць апазіцыянераў.

Адказ на гэта павінен быць такі, які мы заўсёды давалі ў такіх сітуацыях: чым больш галоснасці, чым больш пратэстаў, тым больш шанцаў, што гэтыя метады знікнуць.

А якой можа быць рэакцыя Захаду, Еўропы, якая зараз праводзіць палітыку нармалізацыі стасункаў з афіцыйным Менскам? Яны прымуць тлумачэнні, што гэта нейкія невядомыя?

– Не, яны не прымуць такіх тлумачэнняў. Усім відавочна. Гэта настолькі шыта белымі ніткамі, настолькі груба, што ўсе адразу разумеюць, у чым справа, і пратэсты будуць пачутыя. Іншая справа, што вялікай рэакцыі не варта чакаць, урадавыя рэакцыі заўсёды паслабленыя. Вам трэба больш спадзявацца на грамадскую рэакцыю. Зараз Лукашэнка стаў выязным, яго сталі запрашаць. Вось там, куды яго запрашаюць, і тым, хто яго запрашае трэба такія пратэсты і накіроўваць. І, безумоўна, уладам гэтых краінаў, якія яго запрашаюць, прыйдзецца неяк вытлумачвацца перад сваім грамадствам. Трэба генераваць грамадскі пратэст, які зробіць пэўны ціск на абраных лідэраў.

Апошнія навіны