BE RU EN

Алег Воўчак: «Выкраданні маладых палітыкаў – сігнал усім нам»

  • 8.12.2009, 11:00

«Улада перайшла да новых відаў рэпрэсіяў - выкраданняў. А пракуратура ніяк не рэагуе на гэтыя дзеянні, значыць, наўмысна пакрывае ўсе гэтыя злачынствы», - лічыць праваабаронца Алег Воўчак.

«Мы ўжо бачылі, што моладзь цярпела і фізічны ціск з боку сілавікоў, асабліва пасля акцыяў пратэсту, і запалохванні праз аддзелы КДБ, і накіраванне іх прымусова ў армію, нягледзячы на стан здароўя.

Можна прыводзіць прыклады яшчэ і яшчэ. Але адкрытае выкраданне людзей сярод белага дня, з прычыненнем цялесных пашкоджанняў - кажа пра тое, што ўлада вырашыла ісці на жорсткія метады супраць сваіх грамадзянаў з мэтай задушэння любога супраціву напярэдадні мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў», - заявіў Алег Воўчак.

На думку праваабаронцы, тое, што гэтыя дзеянні здзяйсняюць супрацоўнікі спецслужбаў, ні ў кога сумневу не выклікае.

«Калі паглядзець на ўсе вядомыя выкраданні, дык адзін почырк выкрадання відавочны. Гэтыя падзеі нагадваюць мне падзеі 2006 года, калі такім жа спосабам быў выкрадзены кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін. А выкраданне рабіў спецыяльны атрад па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». Калі б за гэтымі выкраданнямі не стаялі вышэйшыя чыноўнікі дзяржавы, дык пракуратура неадкладна ўзбудзіла б крымінальную справу па п.6,7 ч.2 арт.182 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (выкраданне людзей арганізаванай групай, з ужываннем гвалту).

А што бачым мы? Пракуратура ніяк не рэагуе на гэтыя дзеянні, значыць, наўмысна пакрывае ўсе гэтыя злачынствы. Знайсці тых людзей, хто здзейсніў усе гэтыя злачынствы, няма ніякай цяжкасці. Усё гэта можна правесці на працягу некалькіх дзён. Можна таксама казаць, што ў дзеяннях выкрадальнікаў утрымлівацца прыкметы складу злачынства, якое назваецца бандытызмам», - заявіў Воўчак.

Праваабаронца лічыць, што гэтыя выпадкі нельга пакідаць без увагі грамадскасці.

«Самім жа пацярпелым трэба распачаць актыўную кампанію па пераследзе невядомых асобаў, гэта значыць, трэба пачаць з падачы заявы ў пракуратуру. Прад'явіць усе свае рэчы, бо на іх дастаткова будзе доказаў, хто мог да іхдакранацца. Выкрадальнікі пакінулі шмат доказаў і сведак, проста гэта трэба ўсё задакументаваць. Трэба закідаць хадайніцтвамі і скаргамі пракурораў. Усе выкраданні аб'яднаць у адну вытворчасць і не разглядаць як матэрыял, а неадкладна ўзбудзіць крымінальную справу па арт.182 Крымінальнага Кодэкса. Пракуратура павінна быць зацікаўленая ў хуткім расследаванні ўсіх гэтых абставінаў і паказаць грамадскасці, хто стаіць за гэтымі падзеямі. Калі яна гэтага не зробіць, дык будзе зразумела, што гэтыя злачынствы санкыянавалі ўлады.

Праваабаронцам і пацярпелым неабходна весці маніторынг па ўсіх выпадках расследавання гэтых фактаў, збіраць свае доказы і доказы супраць злачынцаў. Арганізаваць свае службы аховы, мець пры сабе газавыя балончыкі. У любым выпадку чалавек мае права аказаць супраціў такім незаконным дзеянням нявызначаных асобаў. Даводзіць да ведама міжнародных праваабарончых арганізацыяў і структураў Еўрапейскага Звяза», - упэўнены Воўчак.

Грамадскі дзеяч лічыць, што, калі ўсё гэта прааналізаваць, дык падчас дэталёвага разгляду высветліцца, што за гэтымі выкраданнямі стаяць высокія чыны спецслужбаў.

«А гэта ўжо не проста выкраданне, а дзяржаўны тэрарызм. Фактычна гэта пазасудовыя расправы», - сказаў Воўчак.

Апошнія навіны